«Уцечка мазгоў» і знясіленне рабочай сілы: калі беларусы-эмігранты вярнуцца на радзіму

«Уцечка мазгоў» і знясіленне рабочай сілы: калі беларусы-эмігранты вярнуцца на радзіму

Прыкладна 8-10% беларусаў шукаюць працу за мяжой, сцвярджаюць эксперты Інстытута сацыялогіі пры Акадэміі навук. У той жа час выхадцы з Польшчы, Славакіі і іншых краін праз 10-15 гадоў эміграцыі вяртаюцца з Заходняй Еўропы на радзіму.

Прыкладна 8-10% беларусаў шукаюць працу за мяжой, сцвярджаюць эксперты Інстытута сацыялогіі пры Акадэміі навук. Палова з іх не старэйшыя за 30 гадоў.

У апошнія гады прыкметная пераарыентацыя беларускіх працоўных мігрантаў з Расіі на Польшчу і іншыя краіны Еўразвязу. Гэта адбываецца ў сувязі з эканамічнай рэцэсіяй ў Расіі, з аднаго боку, і з лібералізацыяй доступу на польскі рынак працы, добрым эканамічным ростам у Польшчы і іншых краінах ЕЗ, з другога.

- Лік запрашэнняў беларусам ад польскіх працадаўцаў ў рамках спрошчанай схемы працаўладкавання павялічылася за апошнія тры-чатыры гады ў 10 разоў, да 50 тысяч, - кажа сазаснавальнік варшаўскага аналітычнага цэнтра EAST Андрэй Елісееў.

У 2017 годзе польскія консульствы ў Беларусі выдалі больш за 35 тысяч працоўных віз. У 2016 - усяго 15 тысяч, а годам раней - 7.

Калі на заробкі ў Расію часцей ездзілі прадстаўнікі рабочых спецыяльнасцяў, то краіны Еўрасаюза прыцягваюць высокакваліфікаваных спецыялістаў. На Захадзе яны шукаюць тое, што недаатрымліваюць ў Беларусі - добры заробак, высокі ўзровень жыцця, магчымасць рэалізаваць сябе ў прафесіі. Кожны год колькасць мігрантаў з Беларусі ў ЕЗ расце.

Калі змен і лібералізацыі рынку працы ў бліжэйшыя гады не адбудзецца, кваліфікаваныя спецыялісты працягнуць з'язджаць з Беларусі ў краіны, дзе адкрываюцца лепшыя перспектывы. Многія з іх не вернуцца на радзіму, адзначаюць эксперты.

Па прагнозах міжнароднага даследчага праекта, рэалізаванага ў 2013-2014 гадах, да 2050 года ў Еўразвязе будзе жыць ад 380 да 600 тысяч беларусаў.

- Гаворка ідзе пра колькасць відаў на жыхарства ў ЕЗ. Гэта значыць, без уліку часовых працоўных мігрантаў, якія могуць працаваць не на падставе віду на жыхарства, а па сезоннай рабочай візе. Такім чынам, з вялікай доляй верагоднасці мы тут гаворым пра прагназаванне колькасці жыхароў Беларусі, якія незваротна пакінуць краіну і пераедуць у ЕЗ, - тлумачыць Андрэй Елісееў.

Прафесіяналы з «паміраючых» галін эканомікі бягуць у іншыя краіны

Цікавая сітуацыя складаецца ў краінах Цэнтральнай Еўропы. Выхадцы з Польшчы, Славакіі і іншых краін праз 10-15 гадоў эміграцыі вяртаюцца з Заходняй Еўропы на радзіму. Яны вязуць у свае краіны навыкі, якія атрымалі на Захадзе, і зароблены капітал.

- На радзіме ў іх больш магчымасцяў для самарэалізацыі, паколькі цяпер яны могуць пераступіць праз некалькі прыступак у кар'ернай лесвіцы, што немагчыма, напрыклад, у Брытаніі. Калі параўнаць эканамічны рост у працэнтных суадносінах Румыніі і Францыі, то ён будзе адрознівацца ў некалькі разоў на карысць Румыніі. Людзі ведаюць: на рынку, які расце і дзе ніжэй канкурэнтнасць, яны могуць зарабіць добрыя грошы, - распавядае заснавальнік Цэнтра новых ідэй Рыгор Астапеня.

Так можа адбыцца і з беларускімі мігрантамі, калі ў будучыні Беларусь стане для іх больш перспектыўнай і прывабнай, чым сёння. Пакуль жа добрыя магчымасці, у параўнанні з замежжам, ёсць хіба што ў IT-сферы і сумежных галінах.

- Людзі бачаць, што могуць прыехаць у Беларусь, карыстацца пэўнымі падатковымі льготамі і тым, што беларускі працоўны капітал у сферы патрабуе меншых інвестыцый, чым у Брытаніі ці Ірландыі, - адзначае Рыгор Астапеня.

Менш верагоднасць, што на радзіму будуць вяртацца ці не стануць з'язджаць беларусы, якія хочуць рэалізавацца ў прамысловасці. Па-першае, сама галіна перажывае складаныя часы, па-другое, складана дасягнуць поспехаў там, дзе даводзіцца канкурыраваць з дзяржаўнымі прадпрыемствамі.

Практычна настолькі ж складаная для добрых спецыялістаў сітуацыя ў навуцы, медыцыне і некаторых іншых сферах. Прадстаўнікі гэтых галін стаяць перад выбарам, працаваць на радзіме за невялікую зарплату і сціплыя перспектывы або з'ехаць зарабляць у развітыя краіны.

«Уцечка мазгоў» моцна адбіваецца на развіцці галін эканомікі, якія ледзь трываюць. У якасці прыкладу, калі адток высокакваліфікаваных работнікаў падкасіў ўсю галіну, можна назваць беларускую навуку, патэнцыял якой быў вымыты яшчэ ў 1990-х і 2000-х, адзначае заснавальнік Цэнтра новых ідэй.

- У выніку навука дэградавала, стала вельмі беднай, закрытай. Гэта можа адбыцца ў многіх сферах, напрыклад, у медыцыне. Тут хоць у меншай ступені, але таксама шмат гісторый, калі людзі ехалі на Захад і нават ішлі на пэўнае зніжэнне ўласнай кваліфікацыі для таго, каб працаваць за мяжой, - кажа Рыгор Астапеня.

У 1996-2010 гады з Беларусі масава з'язджалі навуковыя работнікі і выкладчыкі ВНУ, адзначае кіраўнік Цэнтра маніторынгу міграцыі навуковых і навукова-педагагічных кадраў Інстытуту сацыялогіі НАН Беларусі Міхаіл Арцюхін у кнізе «Беларуская навука ва ўмовах мадэрнізацыі: сацыялагічны аналіз». Пераязджалі яны ў асноўным у Германію, Расію, ЗША і Ізраіль. З 2001 па 2013 гады толькі арганізацыі Акадэміі навук страцілі 109 даследчыкаў, якія працуюць цяпер у ЗША, Канадзе і краінах ЕЗ. Палова з іх мела навуковую ступень.

Эмігранты захочуць вярнуцца ў перспектыўную Беларусь

Як паказала апытанне РАБОТА.TUT.BY, 75% рэспандэнтаў задумваліся аб тым, каб з'ехаць працаваць за мяжу. Прыкладна пятая частка апытаных спрабавалі працаваць у іншай краіне. Больш за палову якія працавалі за мяжой з'язджалі за добрай зарплатай, амаль 40% хацелі атрымаць новы досвед.

Працоўная міграцыя адыгрывае станоўчую ролю з пункту гледжання прыцягнення ў краіну валюты. Вяртаючыся, мігранты прывозяць прагрэсіўны працоўны вопыт.

- Тыя, хто з'ехаў, будуць зарабляць грошы, атрымліваць навыкі і кампетэнцыі, могуць вярнуцца праз дзесяць гадоў. Тады краіна атрымае прыток інтэлектуальнага і фінансавага капіталу, - падкрэслівае Рыгор Астапеня.

Але пакуль у Беларусі захоўваецца павольны эканамічны рост або стагнацыя, адток кваліфікаваных спецыялістаў будзе расці. А прывабнасць краіны - зніжацца.

- Міграцыйныя эксперты сыходзяцца ў меркаванні, што найбольш негатыўныя следства міграцыі з Беларусі ў ЕС - гэта “ўцечка мазгоў” і знясіленне працоўнай сілы. У сувязі з нізкім эканамічным ростам у Беларусі і малой аддачай на адукацыю, высокакваліфікаваныя кадры будуць усё часцей эміграваць, а гэта яшчэ больш адаб'ецца на тармажэнні росту беларускай эканомікі. Беларускія спецыялісты будуць павялічваць прадукцыйнасць працы, павышаць узровень жыцця і тэмпы эканамічнага росту краін ЕС, - кажа Андрэй Елісееў.

Утрымаць беларусаў у роднай краіне можна правядзеннем рэформ у сацыяльнай сферы, адукацыі і на рынку працы, якія прывядуць да росту якасці жыцця насельніцтва, лічаць эксперты. Магчымасць рэалізаваць сябе і жыць на годным узроўні стануць стымулам вярнуцца для тых, хто ўжо пераехаў за мяжу дзеля кар'ернага росту, добрага заробку і шырокіх магчымасцяў для рэалізацыі свайго патэнцыялу.

Аўтар: 

Наталля Калеснічэнка, ЗАЎТРА ТВОЕЙ КРАІНЫ