Чаму трэба вяртацца на Радзіму пасля атрымання адукацыі за мяжой?

Чаму трэба вяртацца на Радзіму пасля атрымання адукацыі за мяжой?

Навуковец і бізнэсовец Серж Наўродскі ў гутарцы з yoto.by адназначна падтрымлівае ідэю вяртання на Радзіму беларусаў, што адвучыліся за мяжой.

У Беларусі нас вучылі быць максімум бухгалтарамі

На другім курсе Дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта (у народзе яго называюць Наргасам) я зразумеў, што ўсё, чаму нас вучаць – гэта, мякка кажучы, не тое, што трэба. Цікавіўся ўсім, што нам задавалі, самастойна і ўсё больш разумеў, што павінен дзесьці падвышаць свой узровень па-за ўніверсітэтам. Хаця і ў Наргас было трапіць няпроста. Я паступіў, здаўшы адзін экзамен на пяцёрку, бо быў выдатнікам у школе. Але ў пэўны момант я зразумеў, што ўся нашая сістэма адукацыі няправільная. Нас вучылі быць максімум бухгалтарамі, сляпымі выканаўцамі, а не самастойнымі ініцыятыўнымі людзьмі. Я пачаў чытаць шмат профільнай літаратуры самастойна. Ездзіў пару раз па студэнцкім абмене ў ЗША.

Еўропа цэніць студэнтаў, якія маюць навуковыя зацікаўленасці

Мне прапанавалі стажыроўку ў Еўропе. Бо я ўжо ведаў, што хацеў, у мяне сфарміраваліся пэўныя навуковыя погляды, а гэта вельмі цэніцца арганізатарамі адукацыйных праграм (Я займаўся самакіраваннем і даследаваннем мясцовых уладаў, пытанняў фінансавай дэрэгуляцыі). Вельмі важна, каб за пару гадоў вучобы ў беларускім ВНУ ў студэнта сфарміраваліся свае навуковыя погляды. Няхай гэта будзе з нейкімі памылкамі. Іх можна потым падкарэктаваць. Арганізатарам адукацыйных праграм важна працаваць з людзьмі, якія маюць зацікаўленасці, каб маладыя людзі не проста з’ездзілі за мяжу, як турысты, а рэальна палепшылі свае веды.

Вучоба ў Мінску і Варшаве

Я паехаў на год у Варшаўскі ўніверсітэт. Адвучыўся там адзін год. Потым універсітэт прапанаваў застацца вучыцца далей. У Наргасе я ўзяў акадэмічны адпачынак. На пятым курсе вучыўся вочна адначасова ў двух універсітэтах: польскім і беларускім, што было, трэба сказаць, досыць няпроста. Прыязджаў у Беларусь, каб здаць іспыты і залікі, большую частку часу знаходзіўся ў Варшаве. І наш і варшаўскі ўніверсітэт я скончыў паспяхова.

Якая спецыялізацыя? І там і там была эканоміка грамадскага сектару. Я займаўся даследаваннем таго, якім чынам працуе, як кіраваць гаспадаркай на дзяржаўным і мясцовым узроўні. Гэта даволі цікавы кірунак. Тэмы былі падобныя. Праца ішла паралельна.

Адукацыя за мяжой – добрая школа жыцця

Наша вышэйшая адукацыя рэальна забівае людзей, яна робіць з іх робатаў, якія адвучваюцца думаць самастойна. Магчыма для тэхнічных спецыяльнасцяў гэта дапушчальна, але для гуманітарыі ў нас у жахлівым стане. У любым выпадку я лічу, што мая гісторыя і гісторыя іншых людзей паказваюць, што з’ехаць у Еўропу і там павучыцца варта. Па-першае, таму што ў нас дрэнная гуманітарная адукацыя, па-другое, каб зразумець, што цябе ў жыцці чакае, па-трэцяе, каб быць чалавекам.

Жыць у інтэрнатах, з бацькамі – гэта не тое. Калі ты прыязджаеш у іншую краіну і яшчэ мусіш на сябе зарабляць грошы – гэта ідэальна. У прынцыпе і ў нас любы студэнт можа падзарабіць грошы ў кавярні ці рэстарацыі, напрыклад.

Я пачаў вучыцца далей. Адвучыўся ў аспірантуры, пачаў працаваць. Былі прапановы. Мне было нескладана і хацелася там папрацаваць. Я пасля заканчэння варшаўскага ўніверсітэта пераехаў на 2 гады ў Данію, потым працаваў у Варшаве. Толькі праз 6 гадоў пасля вучобы вярнуўся ў Беларусь. Праца таксама вельмі важная для станаўлення чалавека.

Калі хтосьці хоча развівацца ў акадэмічным кірунку, я б параіў, праходзячы розныя ступені навучання – бакалаўрыят, магістратуру, аспірантуру – мяняць навучальныя ўстановы.

Я б сказаў, што там у студэнтаў пасля трох гадоў бакалаўрыята больш у галовах, чым у нас пасля пяці гадоў навучання. Усе нашыя ўніверы знаходзяцца ў жорсткай сістэме, па-за якую выйсці немагчыма. Ніякай незалежнасці ўніверсітэтаў у нас няма. Выкладчыкі не маюць ніякіх магчымасцяў развівацца як выкладчыкі самастойна, бо знаходзяцца ў межах жорсткіх сістэмных абмежаванняў. Адзіная аддушына для нашых выкладчыкаў – працаваць напрамую са студэнтам, калі ён бачыць з яго боку зацікаўленасць. Але гэта можа расцэнівацца, як выкарыстанне студэнта.

Усё здзяйсняецца – трэба толькі моцна гэтага захацець!

Я трапіў працаваць на месца, дзе мне вельмі хацелася працаваць. Там я працую і зараз. Гэта была канчатковая кропка, калі я зразумеў: усё, што я прагну і выкарыстоўваю для гэтага свае веды і здольнасці, - усё збываецца! Я зразумеў, што змагу зрабіць іншыя рэчы, якія я захачу.

Калі мне стукнула 30 і паўстала пытанне - вучыцца далей ці ствараць сям’ю, я абраў сям’ю. Мы разам з маёй будучай жонкай прынялі рашэнне вярнуцца на Радзіму.

Калі мы вырашылі асесці і гадаваць дзяцей, прааналізаваўшы ўсе варыянты прынялі рашэнне, што найлепшым чынам гэтаму пасуе Беларусь.

Чаму Беларусь – лепшае месца для жыцця? Бо яна мае вялікі патэнцыял для зменаў.

Асноўныя тры фактары, чаму Беларусь пасуе нам лепей за ўсё:

Няма лепшага месца для гадавання дзяцей, чым Беларусь. Я магу даказаць гэта ў розных плашчынях: гэта і сям’я ў шырокім сэнсе (тут сваякі) і асяродак у якім ты знаходзішся.

Другое – я хацеў каб хаця б першыя гады жыцця маіх дзяцей (дашкольнае жыццё) прайшлі на Радзіме, бо ў гэтым узросце закладаюцца асновы. Трэці фактар – грамадскі. Колькасць усяго таго, што я мог бы зрабіць для Беларусі, жывучы ў Беларусі, зашкальвае. Безліч ідэяў і жаданняў у грамадскай сферы, у бізнесе. Пакуль ёсць сілы, энергія, магчымасці, гэта трэба рабіць.

Калі я вярнуўся ў Беларусь, мне было роўна 30. Мы пабудавалі дом і пераехалі на фактычна гатовае месца. Я лічу, што гэта адзіны правільны варыянт на той час. Калі б можна было той перыяд жыцця паўтарыць, я бы зрабіў тое самае.

Трэба прыслухоўвацца да таго, што падказвае сваё сэрца і пры гэтым уключаць прагматызм. Я лічу, што Беларусь дагэтуль з’яўляецца такім месцам, дзе ёсць вялікі патэнцыял для зменаў і магчымасць прымаць удзел у гэтых зменах.

У той жа Варшаве ў мяне была праца, я мог бы заставацца там на любой пазіцыі, быць запатрабаваным. Але я не бачу будучыні. Я бы заставаўся такім жа працоўным, як мільёны іншых, якія штодзень спускаюцца ў гараж, каб сесці ў машыну, даехаць да працы і вярнуцца дамоў. І так кожны дзень. Вартасць, якую яны ствараюць у разліку на кожнага мінімальная для грамадства і для сям’і.

У Беларусі кожная паездка на працу, кожная сустрэча з людзьмі – гэта з’ява.

Можа я крыху рамантык. Але ў 30 год я ўжо меў усё, пра што большасць моладзі можа марыць, але ж у тыя 30 я зразумеў, што мне не стае штодзённага сапраўднага жыцця. У Беларусі я адчуваю сябе шчаслівейшым, бо тут значна больш магчымасцяў для самарэалізацыі.

“Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць”

Як чалавек, які чагосьці дасягнуў, дазволю сказаць сабе некалькі рэчаў.

Па-першае, там мы нікому не патрэбныя. Якім бы ты не быў прафесарам ці мегакрутым чалавекам, якога ўсе шануюць, ты нікому не патрэбны. Ты ўсё роўна будзеш кожны год бегаць з паперкамі, прапіскамі, пашпартамі, тлумачыць, чаму табе можна застацца. Гэта ніколі не скончыцца. Мы там чужынцы.

Па-другое, я лічу, што нацыянальнае атаясамленне – першы крок да стварэння вартасці. Усё, што мы робім у жыцці, павінна мець нейкую вартасць. Мы не можам рабіць справу толькі таму, што яна робіцца. Безумоўна цяжка знайсці такое месца, але гэта магчыма. Таму і варта з’язджаць, павучыцца ў розных краінах і ўніверсітэтах, каб адчуць гэтае месца. Толькі калі ты гэта адчуеш і зразумееш, да цябе прыйдзе нацыянальнае атаясамленне.

Ужо да ад’езду я выступаў за нацыянальнае адраджэнне, хадзіў у 1996-м і іншых гадах на мітынгі, але толькі пасля досведу жыцця за мяжой я зразумеў, што ККД ад гэтага ўсяго мінімальны. Хтосьці можа ўплываць на сітуацыю праз культуру, спорт, мову. І гэта ў глабальным сэнсе можа быць больш эфектыўна. Я кожнага дня сустракаю нешта, што мяне ўзрушвае.

Мы маем магчымасць ствараць сваю краіну!

Па-трэцяе, з’ехаць можа любы. Атрымаць візу, трапіць на праграму… А вось вярнуцца і застацца – гэта вельмі свядомы ўчынак, які вымагае адказнасці. Зараз мы ў Беларусі ствараем сваю гісторыю. Потым мы будзем глядзець на сённяшні час і шкадаваць пра шансы, якія мы не выкарысталі. Прайшло 25 гадоў ад моманту атрымання незалежнасці. Гэты перыяд для гісторыі вельмі кароткі. Зараз менавіта мы ствараем нашу Беларусь. Важна, што мы робім штодня, ці ходзім на футбол, канцэрты ці аддаем сваіх дзяцей у беларускія садкі – мы ўсё адно ствараем нашу краіну. Дзякуючы шматлікім людзям, якія тут жывуць, і якіх я паважаю, Беларусь жыве і будзе жыць заўсёды. То бок, 25 год – вельмі маленькі тэрмін для існавання краіны. Менавіта зараз мы ствараем усе інстытуцыі для яе. І я бачу, як на вачах усё пакрысе змяняецца. Нават нашыя ўлады змяняюцца.

Калі б нашым дзедам і прадзедам сказалі: вось вам краіна, стварайце яе, яны б цалавалі зямлю. Абсалютна не важна, хто зараз пры ўладзе, важна тое, што ў нас ёсць незалежная Беларусь, за якую аддавалі жыцці нашыя продкі. Сорамна, калі мы гэта не будзем паважаць.

Лёгка з’ехаць, але складаней прыняць свядомае рашэнне, што мы зараз працягваем гэты шлях, які распачаўся нашымі продкамі. Нашыя інстытуты грамадскія і іншыя ствараюцца і дастаткова хутка. Мы ствараем зараз усё. Кожны заканадаўчы акт, які пішацца, нават цяжка ўявіць наколькі ён абумоўлены ўсім, што вакол адбываецца. Змены ў заканадаўчых актах ужо рэальнасць, дзякуючы грамадскім актывістам.

Адметны шлях Беларусі

У 90-х гадах у нас была магчымасць рабіць змены “зверху-уніз”. Гэта такі навукова абгрунтаваны распаўсюджаны падыход. Праз 10 гадоў гэтыя хуткія інспіраваныя “зверху” змены пачнуць раскручваць далейшыя змены на іншых узроўнях. Польшча – найлепшы прыклад. Мы, беларусы, абралі іншы шлях. Так склалася гісторыя, што мы мяняемся “знізу-уверх”. Сваім прыватным прыкладам, канцэртамі, публікацыямі ў фэйсбуке мы спрычыняемся да зменаў, дасылаем імпульсы “наверх” і адбываюцца трасфармацыі. Самы свежы прыклад – апошнія дэкрэты па лібералізацыі гаспадаркі і па развіццю лічбавай эканомікі.

Лёгка з’ехаць і варта з’ехаць, каб “пракачацца”, лепей зразумець сябе, але свядомае вяртанне – гэта заўсёды крута. Я ведаю сяброў, якія вярнуліся не толькі з Польшчы, але са Штатаў, Даніі…

Пры гэтым я не кажу, што ў Беларусі чакае лёгкае жыццё. Тут шмат праблемаў. Я не магу сказаць, што вельмі задаволены адукацыяй сваіх дзяцей. Адносная дарагавізна Мінска. За мяжой лепей, але там праблемы мовы і адаптацыі тваіх дзяцей. Яшчэ адзін мінус – сістэма, якая на цябе рэальна цісне. Бачыш тупізм у дзяржаўных установах.

Але і плюсаў ў нас шмат: для сям’і значна больш камфортныя ўмовы. Вельмі добры сямейны баланс, які складаецца з таго, дзе вы жывяце, колькі грошаў вам трэба, з кім вы падтрымліваеце стасункі (сябры, знаёмцы). Па-другое, сістэма аховы здароўя ў нас на прымальным узроўні. Яна не дарагая і лёгка максімальна зразумець асаблівасці лячэння, бо размаўляеш з доктарам на адной мове. Па-трэцяе, у Беларусі можна лёгка знайсці працу, якая дазволіць дастаткова зарабляць, пры ўмове, што ты ведаеш, чаго хочаш.

У Беларусі ўсе пытанні можна вырашыць легальна, без хабараў. Гэта нерэальная рэч для многіх іншых краін. У нас можна збудаваць дом, вырашыць іншую справу, калі ты прынцыпова не хочаш нікому за гэта плаціць звыш прапісанага ў законе. І гэта будзе дастаткова хутка і легальна.

Даведка:

Серж Наўродскі ўладальнік брэнда “Каралі”, дырэктар беларускага філіяла варшаўскага даследчага цэнтра “Кейс”. Апякуецца рэстаўрацыяй старога будынку валожынскай школы, куды намераны перанесці вытворчасць і стварыць адкрытую публічную прастору, выкладае курсы Ёгі.

Аўтар: 

Арцём Лява