Чым Брэст можа прывабіць турыстаў?

Чым Брэст можа прывабіць турыстаў?

У гарадскім Тэхнапарку горада над Бугам 6 красавіка адбылася канферэнцыя пад назвай “Турыстычны патэнцыял Берасця. Выпрацаванне стратэгіі”.

З прэзентацыямі і дакладамі выступілі прадстаўнікі турыстычнага бізнесу, замежныя і мясцовыя эксперты ў галіне турызму (у тым ліку з Польшчы і Украіны), аўтары некамерцыйных і камерцыйных турыстычных праектаў і іншыя зацікаўленыя асобы. У канферэнцыі таксама прынялі ўдзел прадстаўнікі гарадской адміністрацыі. Агулам ў мерапрыемстве, які арганізавала “Агенцтва “Propus”, прыняло ўдзел больш за пяцьдзесят чалавек.

«На канферэнцыю мы запрасілі экспертаў з Польшчы і Украіны, тэарэтыкаў і практыкаў. Найперш госці распавялі, як гэта адбываецца ў іх гарадах — Львове, Тэрнопалі, Варшаве», — зазначыў кіраўнік “Propus” Яўген Скрабутан.

Сярод выступоўцаў канферэнцыі былі супрацоўнік кафедры эканамічнай геаграфіі Галоўнай эканамічнай школы (SGH) ў Варшаве Д-р Марцін Малэнда, намеснік дырэктара «Львоўскага канферэнц-бюро» Андрэй Паўліў, эксперт у медыцынскім турызме з Мінска Міхаіл Нядзвецкі, кандыдат геаграфічных навук, выкладчык кафедры геаграфіі Украіны і турызму Тэрнопальскага нацыянальнага педагагічнага універсітэта Іван Рудакевіч.

"Хто прыедзе ў Брэст з Захаду? - задаўся пытаннем доктар Марцін Малэнда, - Самы верагодны заходні турыст ў Брэсце - гэта паляк. Дык чаму ў вашым горадзе ні ў адным кафэ і рэстаране нельга знайсці меню на польскай мове? У Харватыі, дзе польскага турыста лічаць найбольш патэнцыйным, ёсць меню на польскай мове, паказальнікі на польскай, інфармацыя ў гатэлях на польскай. Там чакаюць нашага турыста. На сайтах, прэзентацыях, розных пляцоўках Брэст павінен быць прадстаўлены як цэласны турыстычны прадукт. Не павінен польскі турыст толькі на брэсцкім вакзале пазнаваць, куды ён прыехаў і куды яму ісці. Ён павінен планаваць сваю паездку яшчэ ў Польшчы, як гэта робіцца ва ўсім свеце. Палякі за апошнія гады аб'ехалі ўсе заходнія краіны. Нязведанымі засталіся толькі Беларусь, Албанія, Косава. Для Беларусі гэтая акалічнасць адкрывае вялікія перспектывы, людзі дапытлівыя захочуць сюды прыехаць. Павінна запрацаваць “сарафаннае радыё” - чалавек адзін раз прыехаў, яму спадабалася, ён раскажа іншаму".

Тэму працягнула Іаана Станіслаўская, каардынатар пастстыпендыяльных праектаў праграмы імя Лэйна Кіркланда (Варшава).

"Мне здаецца, што галоўная перашкода для польскіх турыстаў - гэта недахоп інфармацыі. Людзі ў Польшчы наогул не ведаюць, што могуць прыехаць па бязвізавым рэжыме ў Брэст, не ведаюць, што яны тут могуць наведаць. І трэба разумець, што імідж краіны склаўся такі, што яны адчуваюць сябе ў Беларусі ў небяспецы. Гэта ад няведання. Трэба данесці інфармацыю пра тое, якая тут прыгажосць, якія тут славутасці, пераканаць, што Беларусь - як раз вельмі бяспечная краіна. Я гэта ведаю, але большасць не ведае. Многія палякі шукаюць новых уражанняў, сталі ездзіць у Румынію, Украіну; ёсць людзі, якія хочуць паглядзець нешта новае. Зразумела, для буйных рэкламных кампаній патрэбныя вялікія грошы. Іх няма. Таму наша агульная задача - зрабіць так, каб кожны паляк, які прыязджае ў Брэст, атрымаў самыя лепшыя ўражанні і перадаў іншаму: у Беларусі шмат цікавага, людзі ветлівыя, танней атрымаць паслугі - стрыжка, манікюр, медыцынскае абслугоўванне. Калі хаця б раз польскі турыст сюды прыедзе па безвизу, ёсць вялікая верагоднасць, што ён вернецца".

Такім чынам, на малы прыток турыстаў уплывае не вельмі прывабны палітычны імідж краіны, неразвітая турыстычная інфраструктура, адсутнасць сістэмнага падыходу ў рэкламаванні Брэста за мяжой, не дужа камфортны асяродак для польскамоўнага турыста, як патэнцыйна самага масавага, адміністратыўныя складанасці для турфірмаў.

«Удзельнікі разумелі, што праблемы ёсць, і трэба з імі нешта рабіць, прапаноўвалі, каб гэтая канферэнцыя не была адзіночнай сустрэчай, мы не ставілі кропку, а збіраліся і спрабавалі вырашыць супольна», — заключыў арганізатар турыстычнага форуму.

Аўтар: 

Паводле pyx.by, vb.by