Як у 32 гады стаць палітычным дарадцам Брытанскай амбасады

Як у 32 гады стаць палітычным дарадцам Брытанскай амбасады

Малады супрацоўнік амбасады Яе Вялікасці ў Беларусі Зміцер Лысюк распавёў пра сваю адукацыю, прафесійнае кшталтаванне за мяжой і паспяховае працаўладкаванне на Радзіме.

Як цікавась да гісторыі прывяла да паліталогіі?

Я сам з Берасця. У 18 год не вельмі разумееш, чым хочаш займацца. Інтуітыўна абраў паліталогію і пасля школы (дакладней, ліцэю Імя Пушкіна, што даў пэўны неблагі ўзровень ангельскай і беларускай мовы) паехаў вучыцца ў Познань ва Універсітэт Адама Міцкевіча.

Пашчасціла, што ў той час туды можна было падаваць дакументы без іспытаў, калі маеш пацверджанне польскага паходжання альбо маеш дачыненне да польскага клубу. Таксама станоўчаму вырашэнню пытання спрыяла актыўная грамадска-палітычная дзейнасць у Беларусі.

Я разумеў, што не хачу займацца прыродазнаўчымі ды дакладнымі навукамі. Схіляўся да гуманітарнага кірунку. Цікавіўся з юнацтва палітыкай, быў неабыякавы да гісторыі. Балазе, бацька выкладае паліталогію, сацыялогію.

Скажу шчыра, тады не трэба было здаваць іспытаў, і ў той час было значна лягчэй паступіць на паліталогію ў Польшчу, чым на факультэт міжнародных стасункаў БДУ.Таксама ў мяне была картка польскага клуба, якая давала пэўны прывілей. Напісаў, што палітычна актыўны і патлумачыў, што мне цяжкавата будзе вучыцца на паліталогію на Радзіме.

Жыццё ў Польшчы.

Пяць гадоў вывучаў у Познані паліталогію, міжнародныя адносіны. Там давалася грунтоўная адукацыя, але было трошкі сумна: увесь час цягнула дадому. Па заканчэнні адразу вярнуўся ў Берасце. Працаваў у сферы лагістыкі ў розных фірмах, хаця і адчуваў, што гэта не зусім маё. Праз некалькі год паехаў працаваць у лагістыцы ўжо ў Варшаве.

У Берасці цяжка было знайсці цікавую, перспектыўную працу. За невялікі час я змяніў ажно сем. Калі пачаў працаваць у Варшаве (там былі лепшыя грошы, лепшыя ўмовы), кожныя выходныя прыязджаў у родны горад. Заўсёды цягнула на Радзіму. Так жыў 2 з паловай гады.

У лагістыку звычайна бяруць недасведчаных людзей і адукоўваюць ужо на месцы. Адзіны мой плюс быў – веданне польскай мовы, бо трэба было камунікаваць з польскімі транспартнікамі.

Працаваць у Польшчы трэба шмат, але адпаведна ў паўтары-два разы вышэйшы заробак.Можна сказаць, што ў Польшчы менш адчуваеш нейкай напружанасці. Магчыма, таму што людзі больш зарабляюць, больш упэўненыя ў сябе, у сваёй будучыні. Магчыма, агульная культура, у тым ліку культура працы, трошкі вышэйшая. Атмасфера больш прыемная і супрацоўнікі з большай павагай ставяцца адзін да аднаго.

4

Еўразвязаўскі каледж і Натолін

Працуючы ў Варшаве, я падаў дакументы ў еўразвязаўскі каледж Натолін, які арыентаваны на магістарскае навучанне ў сферы еўрапеістыкі па інтэнсіўнай праграме.

Спадзяваўся, што пасля Натоліна мо адкрыюцца нейкія магчымасці для стажыроўкі і працы ў еўраструктурах, але не абнадзейваўся асабліва, ведаючы пра вялікую канкурэнцыю.

Пры паступленні ты спачатаку там пазначаеш, хто ты, пішаш пра сваю актыўнасць грамадскую, матывацыю, чым хочаш займацца ў будучыні. На той час за плячыма быў удзел у Плошчы-2006 і дзесяць сутак арышту. Для каледжа трэ было ведаць французскую, бо гэта другая мова ў навучальнай установе пасля ангельскай. А я ўжо раней задумваўся пра Натолін і пачаў вучыць французскую загадзя.

У Натоліне адвучыўся год. Было надзвычай цікава. Гэта быў вельмі карысны час, давялося шмат працаваць, вучыць французскую. Мы дасканала вывучалі, як функцыянуе Еўразвяз, праз якія еўрапейскія інстытуты, чым яны займаюцца, за што яны адказныя, гісторыю ўзнікнення, юрыдычныя асаблівасці функцыявання.

Пасля вучобы, якая доўжылася 10 месяцаў, я падаўся на конкурс стажыровак у Брусель. Прайшоў яго, і сем месяцаў стажыраваўся ў Еўрапейскім фондзе дэмакратыі.

Потым спрабаваў ўладкавацца на працу ў еўраструктурах, разаслаў безліч СV, але ўсё марна. Шалёны конкурс. Амаль усюды патрабаванне – грамадзянства Еўразвязу ці дазвол на працу ў Бельгіі, напрыклад… Вярнуўся ў Берасце (прыехаў з задавальненнем, бо сумаваў па дому), працягнуў пошук працы тут. Праз год часова ўладкаваўся ў бізнес-структуры. У Брусель у Еўрапарламент выслаў сваё СV, падмацаваў яго добрымі рэкамендацыямі. Менавіта яны вельмі дапамаглі. Атрымаў водгук з офіса польскага дэпутата Богдана Здраеўскага. Мяне запрасілі. Каля году працаваў там: быў асістэнтам дэпутата, адказваў за беларускі кірунак, рабіў маніторынг сітуацыі, рыхтаваў аналітыку, вёў пэўныя ўнутраныя праекты. Урэшце вычарпаў усе магчымасці кароткатэрміновых кантрактаў і сёлета ў красавіку зноў вярнуўся ў Беларусь.

6

Вяртанне на радзіму.

Я заўсёды сумаваў па Беларусі, пры любой магчымасці вяртаўся сюды, але ў той жа час я разумеў, што прафесійна развівацца ў маім кірунку і знайсці тут адпаведную працу надзвычай складана. Але я не пакідаў надзеі знайсці працу па сваёй спецыялізацыі на Радзіме. Убачыў абвестку пра вакансію палітычнага дарадцы ў Брытанскай амбасадзе. Адчуў, што гэта маё, падаўся, і ў мне атрымалася. Можна сказаць, што на сённяшні дзень гэта тое, чаго я прагнуў: працаваць у Беларусі і развівацца прафесійна. Я на Радзіме і маю магчымасць працаваць па сваёй спецыяльнасці.

Ці мусіць чалавек пасля адукацыі за мяжой вяртацца на Радзіму?Адназначнага адказу ў мяне на гэтае пытанне няма. Канешне, для дзяржавы было б вельмі добра, калі б вярталіся адукаваныя, разумныя людзі. Калі б дзяржава стала на шлях рэформаў, такія людзі б ёй вельмі прыдаліся. Для любой дзяржавы гэта проста залаты рэсурс. Зараз я не бачу зацікаўленасці ў адукаваных, ініцыятыўных маладых людзях.

Калі казаць - вяртацца ці не вяртацца… Не трэба тут быць катэгарычным. Усе людзі розныя. Некаторыя мае знаёмыя з’ехалі ў гадоў 17-20 і з тае пары ніколі не вярталіся ў Беларусь. Ім там камфортна. Але ёсць людзі, якія сумуюць па Радзіме і пры першай магчымасці едуць у Беларусь. Вось за такіх дзяржаве трэба змагацца, ствараць умовы для іх вяртання. У кожнага свой лёс. Ён сам вырашае.

З іншага боку, можна працаваць на карысць дзяржавы і па-за яе межамі. Напрыклад, для Беларусі было б вельмі карысна, калі б разумныя і адукаваныя беларусы працавалі, напрыклад, у міжнародных арганізацыях, такіх як ААН, АБСЕ, іншых міжнародных некамерцыйных арганізацыях. Гэта таксама спрыяла бы іх прафесійнаму росту.

Дзяржава павінна быць зацікаўлена. Яна павінна прымаць адпаведныя матывацыйныя праграмы, рабіць крокі, якія б сведчылі пра зацікаўленасць у вяртанні адукаванай моладзі. Павінна быць адпаведная дзяржаўная палітыка, каб людзі бачылі сэнс вяртання. Сёння гэтага няма. Нажаль, я не думаю, што пры сённяшняй уладзе магчымыя пазітыўныя зрухі ў гэтым кірунку. Якія канкрэтна крокі і праграмы павінны быць, мусяць вырашаць эксперты. Гэта пытанне збольшага тэхнічнае.

Павінны быць добрыя фінансавыя ўмовы, умовы для самарэалізацыі, каб чалавек разумеў, што яго чуюць, да яго прыслухоўваюцца, бачыў, што сваімі ведамі, сваім досведам ён можа ўплываць на пазітыўныя змены ў краіне. Канешне, атмасфера павінна быць адпаведная: і палітычная, і эканамічная.

Аўтар: 

Арцём Лява

Автор фото: 

архіў героя