Як скласці крутое рэзюмэ? 12 карысных парадаў

Як скласці крутое рэзюмэ? 12 карысных парадаў

Резюмэ – гэта выдатны спосаб паказаць усе свае выгадныя бакі: перавагі, досвед працы, навыкі – а таксама схаваць недахопы. Як скласці рэзюмэ так, каб атрымаць дапрашэнне на сумоўе? У дапамогу вам – наступныя рэкамендацыі ад Лізаветы Мазурчык, якая доўга і плённа працавала над тэмай.

Па-першае, ніколі не забывайцеся пра аб’ём: ён павінен утрымліваць адну – максімум дзве старонкі. Трэба ўмець коратка і выразна фармуляваць самыя важныя факты пра сябе. Па статыстыцы, прагляд рэзюмэ займае 2-3 хвіліны, і менавіта за гэты час вам неабходна зачапіць патэнцыйнага працадаўцу. Ключавая інфармацыя павінна размяшчацца на першай старонцы, зверху. Частая памылка – падаваць інфармацыю ў храналагічным парадку. Навучанне ў школе, затым згадкі пра ўніверсітэт, часовую працу, а далей ужо варты досвед. На самой справе, зазначаць ўсё трэба ў адваротным парадку – ад самага каштоўнага досведу да процілеглага.

Па-другое, пісьменнасць. Уявіце, што вы разглядаеце нейкую вакансію на сайце, і яна напісана з памылкамі. Вядома ж, у вас не будзе даверу да гэтых людзей. Такія дробязі адразу кідаюцца ў вочы, таму, калі ў вас праблемы з граматычнымі або пунктуацыйнымі нормамі, дапасаваннем у сказах, лепш звярніцеся па дапамогу да пісьменнага чалавека, які зможа вас праверыць.

Па-трэцяе, сумленнасць. Майце на ўвазе, што ўсе звесткі, пададзеныя вамі, лёгка можна праверыць на тым жа сумоўі. Гэта тычыцца і валодання праграмамі, і досведу працы.

Па-чацвёртае, пэўнасць. Калі вы пішаце і адсылаеце рэзюме, яго трэба карэктаваць, адаптаваць пад пэўную вакансію. Не трэба пісаць: “Наогул, я праграміст, але магу быць і мэнэджарам, і прыбіральшчыкам, і кім заўгодна, толькі вазьміце мяне да сябе!” Жарты жартамі, але рэзюмэ для розных вакансій пішуцца абсалютна па-рознаму. Тыповая памылка – пісаць адно рэзюмэ на ўсе выпадкі жыцця. Гэта адна з прычын, чаму вас не запрашаюць на сумоўе, калі здзіўляецеся: як так, вы ж адправілі заяўку больш чым у 15 месцаў!

Ці варта размяшчаць фота? У гэтым пытанні хаваецца пэўны суб’ектывізм. Напрыклад, калі мы прадаем свае навыкі ў сферы абслугоўвання, то на знешнасць звернуць пільную ўвагу. Але, калі вы прэтэндуеце на месца сакратара, то наўрад ці. І ўсё ж такі фотаздымак хутчэй пойдзе вам на карысць, чым наадварот. Падыдзе фота, якое адлюстроўвае вашу сферу дзейнасці: напрыклад, апынецеся ў вобразе бармена, калі вы насамрэч працуеце за барнай стойкай, або экскурсавода, калі працуеце ў музеі. Хаця, да прыкладу, у Канадзе ўжо забаронена ставіць фота ў рэзюмэ: там працадаўцы ўсімі спосабамі імкнуцца да таго, каб не сутыкнуцца з дыскрымінацыяй.

Пяройдзем да структуры рэзюме.

Існуе меркаванне, што маладым еўрапейскім прыватным кампаніям (IT, напрыклад) не патрэбна нават згадка вашага імя па бацьку, паколькі ўсе называюць адзін аднаго па імёнах. Але ў нашай краіне ўсё ж такі лепш пазначаць поўныя дадзеныя.

Кантактная інфармацыя

Тыповыя памылкі: указваць дату нараджэння без года, тэлефон, які не працуе, а таксама адрас працоўнай электроннай пошты (калі ён падобны да pupsik83 або milaha18). Абавязкова стварыце сябе, нарэшце, прэзентабельны нік!) Не варта ўказваць хатні адрас: дадому да вас ніхто не прыедзе і лістом выклікаць на сумоўе наўрад ці хтосьці стане.

Мэта рэзюмэ

Як нельга пісаць назву жаданай пасады:

  • праца, якая дазволіць раскрыць мой патэнцыял;
  • стабільная, высокааплочваемая праца;
  • кіраўнік;
  • высокая пасада ў галіне продажаў;
  • мэнэджар;
  • малады спецыяліст.

Як трэба:

  • інжынер-тэхнолаг (вытворчасць тканіны);
  • кіраўнік аддзела продажу;
  • мэнэджар аддзела закупак (упакоўка абсталявання);
  • асістэнт ў аддзеле маркетынгу;
  • стажор ў аддзеле лагістыкі.

Досвед працы

Неабходна пазначыць:

  • дату пачатку і заканчэння працы (практыкі);
  • назву арганізацыі;
  • назву пасады;
  • пералік службовых абавязкаў.

Паказваем любы досвед, нават той, за які вы не атрымлівалі грошы: практыку, стажыроўку, валанцёрства, удзел у пастанове спектакля (а валанцёрства – гэта наогул +100500 пунктаў адразу).

Напрыклад, пазначылі, што праводзілі семінары. Гэта гаворыць аб тым, што працадаўца можа без навучання даручыць вам справу “пад ключ”, і вы з ёй павінны справіцца. Бо пісалі, што арганізоўвалі, кіравалі? Дазвольце прадэманстраваць свае сфармаваныя навыкі! Не пазначаюцца службовыя абавязкі кшталту “я павінен быў рабіць тое і тое”. Пішам толькі тое, што сапраўды рабілі (заключылі 20 дамоў на суму 500 рублёў; павысілі прыток кліентаў на 15 адсоткаў).

Адукацыя

Школа паначаецца толькі ў тым выпадку, калі яна была спецыялізаванай. Да прыкладу, з паглыбленым вывучэннем замежных моў. Ці вы скончылы яе з медалём. Пасля звестак аб вышэйшай адукацыі адзначце тэму дыплома: гэта ваша дасягненне, якое не павінна сысці ў небыццё. Дадзеныя дасягненні робяць немалы ўнёсак у будучую прафесію. Таксама не забудзьцеся пра павышенне кваліфікацыі, стажыроўкі і курсы (калі вы прэтэндуеце на пасаду эканаміста, не варта пазначаць курсы кройкі і шыцця).

Навыкі

Прадстаўляйце непасрэдна самі работы. Калі вы, скажам, рабілі вёрстку – дашліце ўзоры работ у PDF файле. Афармляйце партфоліа, стварыце віртуальную папку, у якой будзеце назапашваць вынікі сваіх работ. Калі вы валодаеце замежнай мовай – абавязкова пазначце гэта ў асобнай графе. Пазначайце ўдзел у конкурсах, канферэнцыях, свае ўзнагароды – усё ж рабілася недарма.

Дадатковая інфармацыя

Не варта пісаць пра стан фізічнага здароўя, слабыя бакі або прычыны, па якіх вы сышлі з мінулага месца працы. Варта адзначыць, што менавіта пра гэтыя пункты ў вас спытаюць на сумоўі, калі вы ўсё ж такі добра напішаце рэзюмэ (так-так!). Так што трэба ўмець на іх адказваць.

На пункце хобі спынімся. Тут трэба быць вельмі ўважлівым і хітрыць. Ён кажа аб вашым тэмпераменце. Калі вы ініцыятыўны і працавіты, апісанне актыўных хобі будуць вам плюсам. Такія захапленні, як вышыванне, шыццё, вязанне кажуць пра тое, што чалавек уседлівы і спакойны, а значыць, ён добры выканаўца. Ваша хобі павінна паказаць вас у выгодным, патрэбным святле для канкрэтнага працадаўцы.

У тым выпадку, калі вы збіраецеся на стажыроўку за мяжу, указвайце людзей, якія змогуць рэкамендаваць вас: іх імя, прозвішча, арганізацыю, пасаду і спосаб сувязі.

Пункт магчымасці камандзіровак і наяўнасці пасведчання кіроўцы таксама патрэбен.

Асабістыя якасці

Калі так пішаце, не грэх падумаць, што вы карыстаецеся нейкім шаблонам, несвядома капіюеце ўсё запар. Вось вам некалькі прыкладаў, як іх можна змяніць.

  • камунікабельнасць – хутка знаходжу агульную мову з людзьмі для эфектыўнага вырашэння сумесных працоўных пытанняў;
  • стрэсаўстойлівасць – вытрымліваю высокія эмацыйныя нагрузкі і захоўваю спакой у крытычных сітуацыях;
  • адказнасць – умею хутка аналізаваць і аператыўна прымаць рашэнні, ускладаючы на сябе поўную адказнасць за іх;
  • здольнасць хутка вучыцца – умею самастойна і хутка шукаць патрэбную інфармацыю і прымяняць яе на практыцы.

Пасля напісання прыдзірліва і ўважліва перачытайце сваё рэзюме, магчыма, і не раз. Праверце, каб там не было занадта доўгіх выразаў і незразумелых слоў, абрэвіятур назваў кампаній. Выразна вылучайце загалоўкі. Выкарыстоўвайце адзіны шрыфт, без капса. Для творчых асоб адкрыты палёт для фантазіі, калі хочаце вылучыцца – адважвайцеся! Галоўнае не перабярыце. Хай гэта будзе незвычайна, але пры гэтым стыльна, лаканічна і цэласна.

Суправаджальны ліст

У ім не трэба пераказваць сваё рэзюмэ, і яшчэ не забывайцеся пра тое, што ніхто не захоча чытаць вашу біяграфію нібы школьнае сачыненне. Памер – паўстаронкі А4. Гэты ліст дае магчымасць абгрунтаваць, чаму вы падыходзіце на гэтую пасаду не па нейкіх сухіх фактах. Вам трэба паказаць, што вы самі зможаце прыўнесці, працуючы на гэтай пасадзе. Не варта казаць аб тым, што кампанія можа зрабіць для вас. Скажыце, на што вы здольныя, вызначце ключавыя патрабаванні і навыкі на жаданай пасадзе. Калі вы пішаце фармальна – чалавек адчувае няшчырасць. Проста будзьце праўдзівымі і ўпэўненымі у сваіх сілах.

Крыніца: adukacyja.info