Кшыштаф Захаржэўскі: Каб моладзь не з’язджала, прадаем ім участкі з 80% зніжкай

Кшыштаф Захаржэўскі: Каб моладзь не з’язджала, прадаем ім участкі з 80% зніжкай

У Брэсце адбылася сустрэча з дзейным бургамістрам горада Злаценец (Польшча).

Цэнтр даследавання грамадскага кіравання “СІМПА” і грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” арганізавалі сустрэчу з дзейным бургамістрам Злаценца (Польшча) Кшыштафам Захаржэўскім. Яна адбылася ў Брэсце і была прысвечаная эфектыўнаму мясцоваму самакіраванню.

Пасаду бургамістра можна параўнаць з беларускім старшынёй райвыканкама альбо галавой гарадскога пасёлка. Розніца толькі ў тым, што ў Польшчы бургамістраў абіраюць мясцовыя жыхары на 4-гадовы тэрмін, а не прызначаюць зверху.

“Жыхары Злаценца, праўдападобна, маюць самага сучаснага бургамістра ў Польшчы”, – пісаў сайт ngo.pl у 2012 годзе, калі Кшыштафа Захаржэўскага абралі кіраваць гмінай і горадам. У тым жа інтэрв’ю ён казаў, што ягоны папярэднік (дарэчы, той кіраваў гмінай 20 гадоў) шмат зрабіў для інфраструктуры, аднак чалавечы чыннік быў цалкам занядбаны. Кшыштаф Захаржэўскі кажа, што ў Польшчы многія чыноўнікі настроеныя перадусім на прыцягненне інвестыцый, а не на развіццё чалавечага капіталу. Ад самага пачатку свайго тэрміну Кшыштаф Захаржэўскі расставіў прыярытэты на карысць дыялогу і звычайных чалавечых адносін.

Цягам свайго тэрміну Кшыштаф Захаржэўскі змог рэалізаваць рэвалюцыйны праект (нават для Польшчы): ён накіраваны на тое, каб моладзь не з’язджала з гораду.


«У нас ёсць праблема, што вельмі шмат маладых жыхароў едуць з горада і не жадаюць вяртацца (гэта звычайная сітуацыя ў малых гарадах для любой краіны). Таму мы робім праект аб продажы участкаў зямлі для маладых людзей ва ўзросце да 35 гадоў з вялікай зніжкай да 80 адсоткаў. У маладой сям'і ёсць тры гады, каб пабудавацца на гэтай зямлі. Калі, напрыклад, яны захочуць прадаць ўчастак, то дамова на зніжку будзе анулявана і яны павінны будуць вярнуць дзяржаве тую розніцу ў 80%”, – кажа Захаржэўскі.

Праект дзейнічае ўжо год і на дадзены момант ў яго межах былі прададзеныя два ўчасткі памерам у 12 сотак. 20% ад іх сапраўднага кошту склалі каля 2-3 тысячаў злотых (550-830 долараў адпаведна).

“Мы бы прадалі больш зямлі, але ёсць пэўныя абмежаванні ў заканадаўстве, якія мы, шчыра кажучы, спрабуем абыйсці, – прызнаецца Захаржэўскі. – Усімі сіламі будзем працягваць гэты праект, таму што ён вельмі важны для нас, гэта - інвестыцыя ў будучыню”.

У планах кіраўніцтва Злаценца пабудаваць цэлы мікрараён, дзе можна будзе купляць нерухомасць на такіх умовах.

Злаценец – горад у Польшчы, які ўваходзіць у Заходне-Паморскае ваяводства, Драўскі павет. Мае статус гарадской-сельскай гміны. Займае плошчу 32,28 км² з насельніцтвам у памеры каля 13,2 тысяч чалавек (прыкладна столькі пражывае ў нашай Жабінцы).

1

Аўтар: 

Міхаіл Ільін