Надзея Кім пра жыццё за мяжой і ў якіх выпадках варта вяртацца на Радзіму

Надзея Кім пра жыццё за мяжой і ў якіх выпадках варта вяртацца на Радзіму

Беларуска, навучэнка нідэрландскага ўніверсітэта Van Hall Larenstein Надзея Кім вярнулася жыць у Беларусь, каб будаваць лепшае жыццё тут.

Я чатыры гады вучылася ў Мінску, у гуманітарным каледжы пры Лінгвістычным універсітэце. Перада мной паўстаў выбар: ехаць за мяжу (бацькі прапаноўвалі паехаць) альбо ісці ў іняз па скарочанай праграме. Я вырашыла, што яшчэ чатыры гады я не вытрымаю – вельмі багата было падчас вучобы непатрэбных мне рэчаў, якія адбіралі каштоўны час. Да таго ж, я займалася 10 год конным спортам і вырашыла паспрабаваць шукаць за мяжой месца, дзе я б магла вучыцца і потым працаваць у гэтай сферы.

Асаблівасці вучобы ў Нідэрландах

Знайшла варыянты ў Вялікабрытаніі і Нідэрландах. Нідэрланды аказаліся значна таннейшымі і там было прасцей атрымаць візу, таму я выбрала іх. Да таго ж, на той час там быў найлепшы ўзровень развіцця коннага спорту. У Нідэрландах шмат адмысловых спецыяльнасцяў звязаных з конным спортам. Я абрала спецыяльнасць “конны бізнес і эканоміка” ва ўніверсітэце Van Hall Larenstein. Там шматпрыступкавая сістэма адукацыі. Я разлічвала на больш акадэмічную адукацыю ва ўніверсітэце, а там яна аказалася больш прыкладная (падобная трохі на наш каледж), што мяне напачатку трохі збянтэжыла.

У нас былі лекцыі толькі тры-чатыры дні. Магла быць адна пара на дзень. Астатні час заставаўся на самастойную праектную працу. Гэта дало мне магчымасць шмат паездзіць па краіне, пазнаёміцца з іх досведам, паглядзець дзе, што і як адбываецца. Там была модульная адукацыя, першыя два гады лекцыі, а потым модуль для адукацыйнай стажыроўкі за мяжой, модуль для дыпломнай практыкі, напісання дыпломнай працы. Я напісала заяўку на паездку ў Аахен у Нямеччыне (там праводзіцца найвялікшая конная алімпіяда). У мяне было процьма іншых варыянтаў, але я вельмі хацела трапіць туды. У мяне былі вельмі добрыя рэкамендацыі. Раптам – адмова! Я разгледзела гэта як знак, што мне трэба вяртацца ў Беларусь… У Беларусі я ўжо пісала дыплом. Потым ездзіла яго абараняць.

кім

Вяртанне на Радзіму і праца ў “Кінаконге”

Зараз мы з мужам Андрэем займаемся агучкай мастацкіх фільмаў на беларускай мове і папулярызацыяй беларускай мовы і культуры. Я лічу, што дададзеная вартасць таго, што я раблю на радзіме значна большая, чым калі б я засталася працаваць за мяжой.

Там ты адзін з тых, хто прыехаў, застаўся-не застаўся. Тут на цябе ўсё трымаецца. На радзіме неўзаранае поле для стваральнай дзейнасці. І ты можаш зрабіць вельмі і вельмі шмат.

кім

Еўропа навучыла па іншаму глядзець на рэчаіснасць

Чым мне дапамог досвед жыцця там? Дзякуючы такому досведу, ты лягчэй заўважаеш праблемы, якія ў нас ёсць і знаходзіш варыянты іх вырашэння. На кантрасце з Еўропай гэта добра бачна. Напрыклад, тая ж праблема безбар’ернага асяродзя, стаўленне да суседзяў, суграмадзян. Жывучы пастаянна тут мы прызвычайваемся да нязручнасцяў. А досвед жыцця ў еўрапейскіх краінах адкрывае на многае вочы, і з’яўляецца жаданне ўладкаваць, палепшыць жыццё тут.

Пасля жыцця некаторы час у заходніх краінах ты пачынаеш адчуваць сябе больш вольным, свабодным, адпаведным чынам сябе паводзіш. Усведамляеш сябе грамадзянінам сваёй краіны. Калі цябе нешта не задавальняе, ты пачынаеш адстойваць свае правы на камфортнае жыццё тут, бо ведаеш – можна інакш.

Я калі прыехала ў Беларусь, пачала адчуваць “горад – наш” і вельмі многае ў ім залежыць ад цябе. Калі стасуешся іншаземцамі, увесь час нешта распавядаеш пра сябе і адначасова рэфлексуеш, робіш для сябе пэўныя высновы, усе лепей разумееш, хто ты ёсць.

кім

У якіх выпадках варта вяртацца?

Адзін з маіх братоў вучыцца за мяжой. Ён не хоча вяртацца на Радзіму, бо знайшоў тую рэч, якая яго цікавіць менавіта там. Я думаю, што тут няма нейкай формулы. Той жа Ігнат Дамейка зрабіў для Чылі значна болей, чым для Беларусі. У яго быў такі лёс, такое наканаванне. Тыя, хто з'язджае і знаходзіць там сябе – здорава! Але я ведаю прыклады, калі чалавек з’язджае, жыве нібыта камфортна і пачуваецца там нешчаслівым. Цалкам магчыма, што ён значна болей мог бы зрабіць менавіта на Радзіме.

Калі ты разумееш, што можаш нешта даць сваёй зямлі, нешта памяняць, палепшыць тут, навошта сядзець у Нідэрландах. Але да гэтага разумення трэба самастойна прыйсці.

Улічваючы, што беларусы збольшага не атаесамляюць сябе з Беларуссю, яе культурай, мовай, многія, хто з’ехаў кажуць замежнікам – мы рускія. Такіх людзей на Радзіму звычайна не цягне. Альбо калі ў людзей хворы дзіцёнак, і яны разумеюць, што тут у яго няма будучыні, а там ён вылекаваўся і пайшоў у школу. У такіх выпадках пераезд на стала апраўданы. У людзей мусіць быць свабодны выбар. У мяне было да чаго вяртацца.


ДАВЕДКА:

Надзея Кім скончыла гуманітарны каледж пры Беларускім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце, вышэйшую адукауцыю атрымлівала ў Галандыі ва ўніверсітэце Van Hall Larenstein, дыпломную практыку праходзіла ў Streamline. Зараз працуе перакладчыкам і рэдактарам у “Кінаконге”.

Аўтар: 

Арцём Лява

Автор фото: 

Арцём Лява