У прыемных снах бачу, як разгортваю газету, а там – конкурс вакансій у Мінгарвыканкам”

У прыемных снах бачу, як разгортваю газету, а там – конкурс вакансій у Мінгарвыканкам”

31 кастрычніка агенцтва «Тваё заўтра» зладзіла ў Мінску круглы стол “Як эфектыўна выкарыстоўваць патэнцыял беларусаў, якія атрымалі замежную адукацыю, для развіцця рэгіёну?”

31 кастрычніка агенцтва «Тваё заўтра» зладзіла ў Мінску круглы стол “Як эфектыўна выкарыстоўваць патэнцыял беларусаў, якія атрымалі замежную адукацыю, для развіцця рэгіёну?”. Аналагічныя “кастрычніцкія сустрэчы” ўжо прайшлі ў Брэсце і Магілёве. Як і ў рэгіёнах, сталічны круглы стол пачаўся з выступу дырэктара агенцтва Іны Кулей, якая агучылапрысутным некалькі праблем, з якімі сутыкаюцца беларусы, якія атрымалі адукацыю за мяжой.

  1. Цяжкасці пры прызнанні дыплома на радзіме.

  2. Дзяржаўныя структуры, як правіла, зачыненыя для людзей, якія вучыліся за мяжой. Паводле кадравай палітыцы дзяржавы, малады спецыяліст – гэта чалавек, які вучыўся ў беларускай ВНУ на бюджэце.

  3. Выпускнікі часта сутыкаюцца са стэрэатыпамі. Лічыцца, што яны прыехалі для дэстабілізацыі абстаноўкі ў дзяржаве. Да таго ж грамадскае меркаванне такое, што чалавек, які не застаўся жыць за мяжой, – няўдачнік, які нічога не дамогся.


Начальнік упраўлення агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва МЗС Андрэй Бушыла адзначыў, людзі з'язджаюць па адукацыю і не вяртаюцца ў шмат якіх краінах – гэта не ўнікальная беларуская праблема.

Бушыла: "Гэтым пытаннем заклапочаныя не толькі беларусы, бо гэта на самай справе універсальная праблема ва ўсім свеце. Вырашыць яе не проста, яна патрабуе асаблівай увагі і падтрымкі. Нам у Міністэрстве будзе цікава, якія сёння і на іншых круглых сталах будуць агучаны прапановы для вырашэння гэтай праблемы, як вы бачыце сітуацыю ў перспектыве”.

Старшыня прэзідыума Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Уладзімір Карагін распавёў, як дадзеная праблема адлюстроўваецца на рынку працы ў Беларусі.

Карагін: “Ці патрэбныя тут гэтыя людзі? Вядома, што патрэбныя! Не так даўно праходзіла працоўная група па пытанню развіцця экспарту. І перад гэтым было праведзенае апытанне сярод прадпрыемстваў, якія займаюцца рэалізацыяй прадукцыі за мяжу. Дык вось: толькі ў 25% прадпрыемствах ёсць людзі ў аддзелах экспарту, якія валодаюць замежнымі мовамі. Нам крайне патрэбныя спецыялісты, якія ведаюць не толькі замежныя мовы, але і менталітэт, культуру, разуменнем тых кейсаў, якім навучаюць за мяжой”.

Тэму малай колькасці ў краіне кампетэнтных спецыялістаў падтрымаў Уладзімір Дунаеў, прадстаўнік Грамадскага Балонскага працэсу.

Дунаеў: “Што тычыцца якасці адукацыі ў Беларусі, то шмат хто спасылаецца на даследаванне Усясветнага банку. Згодна з ім Беларусь — «чэмпіён рэгіёну па дэфіцыце кампэтэнцыі выпускнікоў ВНУ». Пры вялікай колькасці людзей з дыпломамі, знайсці кампетэнтнага спецыяліста вельмі склада. У гэтым плане мы апярэджваем Казахстан, Кіргістан і іншых”.

1

Дунаеў растлумачыў і праблему з прызнаннем дыплому, агучанай на пачатку сустрэчы.

Дунаеў: “У гэтым плане Беларусь, на жаль, застаецца ў палоне савецкіх нарматываў. Мы жывём па тарыфна-кваліфікацыйных даведніках, а гэта не мае ніякіх адносін да кампетэнцыі. Гэта сістэма, якая рэгулюе заробак: каму колькі плаціць, не тое, якой кампетэнцыі чалавек можа займаць пэўнае месца”.

Увогуле, па словах Дунаева, беларуская сістэма адукацыі – рыначная.

Дунаеў: “Ты плаціш за атрыманне адукацыі, як за паслугу. Ты гэтую паслугу атрымліваеш – паслугу дрэнную, няякасную –, але атрымліваеш. Сістэма адукацыі не паспявае і не чуе рынак працы. Навошта універсітэтам прыслухоўвацца да працадаўцаў, калі тыя ім нічога не плацяць”.

Паводле Дунаева, у Беларусі трэба наблізіць сістэму адукацыі да рынку працы, як гэта робяць у іншых краінах. Дзеля гэтага ў межах Балонскага працэсу трэба прыняць «нацыянальную рамку кваліфікацыі», якая ў Беларусі адсутнічае. Тут усплывае ўжо іншая праблема: Беларусь, як кажа Дунаеў, не выканала ніводнага абавязання, звязанага з Балонскім працэсам.

Свой прыклад з цяжкасцямі пошуку працы на радзіме распавёў Андрэй Лаўрухін, выкладчык Вышэйшай школы эканомікі ў Санкт-Пецярбургу, які 17 год прапрацаваў выкладчыкам у ЕГУ і меў стажыроўкі ў Германіі.

Лаўрухін: “Я меў пяць прапановаў ад дзяржаўных ВНУ, але былі розныя ўмовы. Напрыклад, я не павінен пісаць артыкулы ў СМІ, я не павінен афішаваць, што раней працаваў у ЕГУ, а таксама я не змог настрыфікаваць свой дыплом. То бок варыянты працаўладкавання былі пры нізкіх заробках і значных абмежаваннях. А ў Вышэйшай школе эканомікі, наадварот, тое, што я 17 гадоў працаваў у ЕГУ, і стажыроўкі ў нямецкіх унівэрсытэтах — гэта было вельмі вялікім плюсам”.

Тамара Сідарэнка, юрыст Камітэта “Салідарнасць”, прапанавала падтрымаць беларускіх выпускнікоў з замежнымі дыпломамі: выпрабавальны час выплачваць ім пад’ёмныя, тым самым вызваліць ад унёскаў у ФСАН. Дарэчы, падобныя прапановы гучалі на круглых сталах, якія да гэтага праходзілі ў Брэсце і Магілёве. У Брэсце, напрыклад, прагучала прапанова шукаць гэтыя сродкі ў розных фондах.

Аляксандр Мілінкевіч, які прадстаўляў на круглым стале “Вольны Беларускі Універсітэт”, назваў найпершай задачай тое, каб выкарыстаць у краіне беларусаў, якія цяпер за мяжой, і зрабіць іх агентамі праэўрапейскай палітыкі.

МІлінкевіч:“Нам трэба працаваць у сацыяльных сетках. Трэба падключаць людзей, якія і сёння за мяжой, і тых, хто тут. Трэба арганізаваць супрацу праз сацыяльныя сеткі, каб зразумець, які патэнцыял гэтых людзей можна выкарыстаць завочна, праз інтэрнэт. Многія людзі казалі, што яны сталі беларусамі, сталі размаўляць па-беларуску, калі з'ехалі за мяжу. Гэты кантакт з радзімай таксама ўмацоўвае гэтых людзей. Гэта прэстыжна, вельмі пэрспэктыўна і прыемна”.

2

Рэкамендацыі па эфектыўным выкарыстанні патэнцыялу беларусаў з замежнымі дыпломамі ўдзельнікі дыскусіі вырашылі накіраваць уладам.

Завяршаючы сустрэчу, Іна Кулей сказала: “У самых прыемных снах я бачу, як разгортваю газету, а там – конкурс вакансій у Мінгарвыканкам”. Ідэя стварэння конкурса вакансій неаднаразова гучала цягам «кастрычніцкіх сустрэч» у Брэсце, Магілёве і Мінску.

Аўтар: 

Міхаіл Ільін

Автор фото: 

Арцём Лява