Валанцёрства адкрывае дзверы

Валанцёрства адкрывае дзверы

Бадай што ўсе цяпер ведаюць хто такія валанцёры. Хоць само слова мае доўгую гісторыю і цікавае паходжанне, зараз яго ўжываюць у дачыненні да грамадскай актыўнасці і дабрачыннасці. Валанцёрства ўяўляе сабой дабравольны, асабісты ўдзел актывіста ў пэўнай дзейнасці на карысць грамадства, без разліку на грашовае узнагароджанне, але, магчыма, з пэўным асабістым інтарэсам.

Для Беларусі гэта адносна новы від дзейнасці, хоць традыцыйна ў нашай краіне заўжды была ў пашане ўзаемадапамога і дабрачыннасць.

Валанцёры – гэта не проста добрыя людзі, якія неабыякава ставяцца да праблем экалогіі, людзей і жывел. Гэта людзі, якія гатовыя нешта дзеля гэтага зрабіць.

Буйныя міжнародныя арганізацыі, такія як ЮніХэлп, SOS-Дзіцячыя вёскі ці Чырвоны крыж маюць цэлыя палажэнні і палітыкі па працы з валанцёрамі. Але і невялікім арганізацыям варта звярнуць увагу на сістэмную працу з валанцёрамі, нават калі патрэбы ў іх эпізадычныя і колькасць валанцёраў невялікая. Цяжка пераацаніць карысць ад валанцёраў для любой арганізацыі, але праца з імі таксама вымагае шмат высілкаў.

Валанцёрская праца не з'яўляецца гульнёй у адну браму. Валанцёрства - гэта не пра дармовую працоўную сілу. Гэта пра іншае. Давайце разбярэмся.

Як гэта не правакацыйна гучыць, валанцёрства - гэта рацыянальны, эгаістычны ўчвынак, сацыяльны “кантракт”, узаемавыгодная супраца, дзе кожны задавальняе свае патрэбы.

Валанцёрская праца стварае разнастайныя магчымасці як для грамадскіх арганізацый, так і для саміх валанцёраў. Гэта і практычны досвед, які могуць атрымаць валанцёры, і кантакты, і добрая атмасфера. Працуючы ў праекце, валанцёр апынаецца ў спрыяльным асяроддзі, аточаны адмыслоўцамі, якія гатовы падзяліцца ведамі і ўласным досведам. Выкананне працоўных заданняў з узрастаючай складанасцю дапамагае здабыць веды і навыкі, якія спатрэбяцца ў будучай працоўнай дзейнасці.

Таму для тых арганізацый, якія плануюць прафесійна працаваць з валанцёрамі, варта загадзя цікавіцца інтарэсамі валанцёраў, іх чаканнямі і ствараць спрыяльныя ўмовы для іх развіцця.

Валанцёрства адкрывае дзверы ў прафесійную супольнасць, а таксама дае магчымасць атрымаць рэкамендацыі для наступных працадаўцаў, у тым ліку дэталёвы фідбэк пра зробленую працу, які дазволіць скласці далейшы план прафесійнага развіцця. Добра, калі гэты ўдзел будзе пацверджаны дакументальна, у выглядзе сертыфіката, падзякі ці нечага падобнага. Для арганізацыі гэта не патрабуе шмат высілкаў, а для валанцёра - цудоўны дадатак для партфоліа пры ўладкаванні на працу.

Валанцёрскі досвед адкрывае магчымасці для ўдзелу ў лакальных і замежных стажыроўках, канферэнцыях і адукацыйных праграмах. Няхай у Беларусі гэта не так развіта, але праз валанцерства можна даведацца пра дадатковыя магчымасці і атрымаць адпаведныя рэкамендацыі.

Валанцёрства таксама можа стаць пэўнага кшталту эксперыментальнай пляцоўкай, у якой чалавек можа высветліць асаблівасці працы ў той ці іншай галіне, развіць свае зацікаўленні і сфармаваць новыя. Такім чынам, праз валанцёрства адбываецца практычны этап прафесійнай арыентацыі для моладзі.

Не трэба забываць і пра маральны складнік. Валанцёрства дае магчымасці выпрабаваць свае здольнасці, адчуць сябе часткай каманды з падобнымі паглядамі і каштоўнасцямі, адчуць гонар за прынесеную карысць. Дзякуючы ўдзелу ў працы арганізацыі адбываецца фармаванне асобы, разуменне, у якой сферы магчыма сябе рэалізаваць у будучыні.

Падчас фармавання запыту на дабраахвотніцкую працу, арганізацыя аналізуе свае патрэбы і патрэбы валанцёраў. Але асаблівую ўвагу варта надаць асобным момантам пры арганізацыі валанцёрскай працы:

- валанцёры павінны праяўляць сапраўдную зацікаўленасць, ідэнтыфікаваць сябе з дзейнасцю і місіяй арганізацыі;

- ахова працы валанцёраў гэтак жа важная, як ахова працы штатных супрацоўнікоў;

- валанцёры павінны падбірацца ў адпаведнасці з патрэбамі арганізацыі, але не варта адмаўляць дабраахвотнікам у прапанове ўдзелу ў той ці іншай дзейнасці;

- якасць працы валанцёраў залежыць не толькі ад іх матывацыі, але і ад якасці праведзенай падрыхтоўкі, а таксама ад працы каардынатара.

- не трэба забываць, што кожны валанцёр - гэта асоба, чалавек са сваімі патрэбамі і цікавасцямі. Не забывайце пра гэта, не губляйце персанальны падыход да кожнага ўдзельніка.

Апроч ваканання пэўных заданняў, валанцёрства прыносіць і іншыя плюсы для арганізацыі. Валанцёры могуць падаваць ананімны фідбэк пра працу арганізацыі на розных узроўнях. Праз такую зваротную сувязь могуць быць выяўлены недахопы і памылкі ў арганізацыйных працэсах, а таксама магчымасці для іх выпраўленняў і развіцця. Каардынаванне валанцёраў можа з'яўляцца яшчэ адным пунктам унутранага навучання працаўнікоў арганізацыі.

Арганізацыям варта запрашаць валанцёраў да ўдзелу ў планаванні дзейнасці для таго, каб выслухаць розныя пункты погляду і выявіць свежыя думкі.

Для працадаўцы валанцёрства таксама адкрывае магчымасці, апроч дэлегавання пэўных задач. У перспектыве, арганізатар можа знайсці сярод валанцёраў патэнцыйных штатных супрацаўнікоў, якія ўжо правераны падчас інтэнсіўных працоўных заданняў, прайшлі працэс укаранення і навучання, падзяляюць каштоўнасці і апраўдваюць давер.