8 маладых кінарэжысёраў, якія здымаюць пра сучасную Беларусь

8 маладых кінарэжысёраў, якія здымаюць пра сучасную Беларусь

За апошнія пяць год айчыннае кіно зрабіла адчувальны крок наперад, якога дагэтуль не было ні ў нулявыя, ні тым больш у 90-я. Ініцыятарамі яго сталі несістэмныя рэжысёры, амаль не звязаныя з дзяржавай, але ў іх атрымалася рознымі шляхамі распавесці гледачам свае гісторыі. Зрабілі спіс аўтарак і аўтараў, творчасць якіх штурхае беларускае кінамастацтва ў светлую будучыню.

Андрэй Куціла

Праз разгул крыміналу ў 90-я горад Баранавічы зараз любоўна называюць беларускім Чыкага. Але цывілізаваны свет ведае гэты транспартна-індустрыяльны куток Беларусі як радзіму яскравых дакументалістаў: менавіта тут нарадзіўся Сяргей Лазніца, заўсёднік еўрапейскіх кінафестываляў і аўтар амбівалентнай стужкі пра вайну на Усходзе Украіны «Данбас». Андрэй Куціла – яго больш малады зямляк і таксама рэжысёр, не пазбаўлены амбіцыйнасці.

Андрэй скончыў журфак і Акадэмію мастацтваў. Зараз плённа фрылансіць на тэлеканал «Белсат», здымаючы стужкі пра нябачныя бакі беларускай рэчаіснасці. І гэта не вельмі падабаецца чыноўнікам Мінкульту: летась Куцілу адмовілі ва ўдзеле ў нацыянальным конкурсе «Лістапада» са стужкай «Стрыптыз і вайна». Гаворка ў ёй ідзе пра маладога стрыптызёра, які жыве ў адной кватэры са сваім дзедам – баявым генералам з кансерватыўнымі поглядамі на жыццё.

На замежных фестывалях стаўленне да Андрэя адваротнае: яго фільмы стабільна атрымліваюць узнагароды. Галоўнай з іх пакуль з’яўляецца прыз на ІDFА ў Амстэрдаме (гэты фэст клічуць Канамі дакументальнага кіно) за медытатыўныю элегію «Summa». Дзяржаўнай кінаіндустрыі такі поспех пакуль нават не сніўся.

Улада Сянькова

З'яўленне Улады Сяньковай падарвала застарэлы стэрэатып пра беларускіх кінамастакоў як паслухмяных, сціплых таварышаў з акадэмічнай адукацыяй. Скончыўшы прыватную кінашколу Андрэя Палупанава, дзяўчына за $ 4000 самастойна зняла поўнаметражную падлеткавую драму «Граф у апельсінах». І адразу трапіла на міжнародныя фестывалі ў Менску («Лістапад»), Маскве (ММКФ), Котбусе і не толькі.

Першы поспех быў замацаваны 17-хвіліннай драмай пра юнакоў і іх адносіны да вайсковай службы «З вялізнай вышыні», які таксама трапіў на «Лістапад» і ММКФ (глядзі прычэплены вышэй відос).

Улада мае няпросты характар, яна любіць творчыя авантуры і ў кішэню па слова не лезе, таму патэнцыйная рабочая калабарацыя з «Беларусьфільмам» не атрымалася. Але ёй і без таго працы хапае: рыхтуецца да выхаду стужка пра авантурных бізнэсоўцаў «Пражэкцеры», толькі што адбыліся здымкі кароткаметражкі «II» пра ранішнюю цяжарнасць і ВІЧ, свайго часу чакаюць сцэнары пра дзедаўшчыну («Памылка 404») і эміграцыю («Ahaha»).

Мікіта Лаўрэцкі

Атрымаўшы дыплом факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ, мянчук Мікіта Лаўрэцкі ўвесь вольны час прысвяціў не будоўлі айці-кар’еры, а творчым пошукам.

Натхненнем для Мікіты стаў амерыканскі кінаандэграўнд пачатка ХХI стагоддзя – стужкі Джо Свонберга, братоў Дзюпласаў ды іншых вынаходнікаў жанру мамблкор, для якога характэрны амаль нулявы бюджэт, пункцірны сцэнар і шмат акторскай імправізацыі ў дыялогах. Усё гэта ярка прадстаўлена ў стужках Лаўрэцкага: «Беларускі псіхапат», «Poetry», «Каханне і партнёрства» (усе можаш глянуць па лінках) і іншых, дзе маладыя героі шукаюць гарманічныя адносіны са сваімі аднагодкамі і навакольным светам.

Свежы і шчыры погляд аўтара на моладзь ацанілі спачатку на «Лістападзе», а сёлета нават на ММКФ: паказалі Мікітаў містычны фільм жахаў «Сашава пекла».

Практыкуе Лаўрэцкі і творчыя калабарацыі – летась з аўтаркай Юляй Шатун і кінажурналістам Аляксеем Свірскім яны знялі эксперыментальны альманах «Драма», у якім увасобілі свой погляд на ўласнае жыццё.

Дар’я Жук

Пасля леташняга хайпу вакол «Крышталя» Дар’я Жук ператварылася з незнаёмай аўтаркі ў сімвал незалежнага беларускага кіно. Цяпер дзяўчыну добра ведаюць не толькі на радзіме, але ва Украіне і Расіі, куды пазвалі здымаць працяг гламурнага дэтэктыўнага серыяла «Палюбоўніцы» і стужку пра актывісцкі рух Femen.

Але да свайго поспеху Дар’я прайшла вялікі і складаны шлях: рана пераехала з Беларусі ў ЗША, атрымала адукацыю ў Гарвардзе і Калумбійскім універсітэце, дзе вывучала рэжысёрскае рамяство. Потым была праца прадзюсаркай на тэлеканале HBO, аднак прага да творчасці перамагла – Дар'я абрала шлях незалежнай рэжысуры.

Зараз прынята спрачацца, ці можна лічыць Жук сапраўды беларускай аўтаркай. Адказ на гэтае пытанне – яе стужкі: яны заўжды абапіраюцца на ўспаміны з дзяцінства, мігранцкі вопыт. Гэта знайшло адлюстраванне і ў «Крышталі», і ў «Паветры ўнутры яе», і ў «Сапраўднай амерыканцы». Ці будзе сапраўдны замежнік здымаць кіно пра наша жыццё? Напэўна ж, не.

Мітры Сямёнаў-Алейнікаў

Сваю прагу да візуальнага аповеду гісторый малады Мітры Алейнікаў адчуў падчас першага фестывалю Velcom Smartfilm у 2011 годзе. Яго аматарская, але канцэптуальная стужка атрымала Гран-пры, і мянчук рушыў далей – скончыў Акадэмію мастацваў па акторскай спецыяльнасці, а потым з’ехаў у Маскву, дзе вучыўся на рэжысёра ва УДІКу. Вынікам вучобы стала драма «Адной крыві» – пра пратэстную моладзь і яе непаразуменне са сталым пакаленнем.

Кіно атрымала шмат узнагарод на еўрапейскіх кінафэстах, і першы поспех прыцягнуў увагу з боку шоўбізу: хлопец стаў здымаць кліпы для Макса Каржа, «Без билета», а таксама рэкламу для Velcom, Mark Formelle, МТС.

Кліпмэйкерскі перыяд падзацягнуў рэжысёрскую кар’еру Алейнікава, пакуль яго не ангажаваў «Беларусьфільм». На нацыянальнай студыі хлопцу прапанавалі з іншымі маладымі аўтарамі зняць альманах пра Вялікую Айчынную «Вайна. Застацца чалавекам». І чорна-белая драма «Франка», дзе ў галоўнай ролі знялася муза Алейнікава, актрыса Марыя Паддубная, атрымалася драматургічна і візуальна мацнейшай за іншыя працы. Глядзіш, у хуткім часе справа дойдзе і да поўнага метру. Галоўнае, каб не зноў пра Вялікую Айчынную.

Дар’я Юркевіч

Творчы лёс Дар’і развіваўся па класічным сцэнары: спачатку – рэжысура ў БДАІ, потым – адукацыя за мяжой, у французскай кінашколе Le Fresnoy. Творчасць Дар’і прысвечаная (пакуль) Беларусі: у 2014-м яна зняла драму пра цяжкае жыццё сельскай жанчыны «Баба, Ваня і каза», а ў 2015-м – чорна-белае дакументальнае назіранне «Пасха Хрыстова» – пра рэлігійную культуру гараджан і былых вяскоўцаў.

Фестывальны лёс стужак склаўся добра – яны атрымлівалі ўзнагароды і за мяжой, і ў Беларусі. Цяпер Дар’я жыве ў Францыі, дзе вучыцца ў мастацтвазнаўчай аспірантуры і паралельна займаецца здымкамі ў Беларусі. Сумесна з Ігарам Бышнёвым яна зняла дакументальны фільм пра падлеткаў, якія жывуць ля Чарнобыльскай зоны. Таксама сёлета павінен выйсці эксперыментальны фільм «Пастка», які спрадзюсавала студыя «Бягучая чарапаха» Леаніда Каліцені і Наталлі Бружнік.

Аляксей Палуян

Яшчэ адзін наш герой з Баранавічаў скончыў БДУІР і нават папрацаваў у вялікай тэхналагічнай кампаніі, але лёс «белага каўнерыка» хлопца не вабіў, і ён змяніў жыццё, паступіўшы ў Інстытут кіно і тэлебачання Акадэміі мастацтваў Каселя (Германія). Падчас вучобы Аляксей многа эксперыментаваў з кінаформай і жанрамі, то спрабуючы свае сілы ў дакументалістыцы (каларытная вясковая тэматыка «Краю жанчын»), то ў гульнявым кіно (падлеткавая меладрама «Парушэнне спакою», месца дзеяння – Германія).

Трэцяй працай Аляксея стала экранізацыя бестсэлера Віктара Марціновіча «Возера радасці», прэм’ерны паказ якога адбыўся на прэстыжным міжнародным фестывалі ў Клярмон-Феране, Францыя. Для самога рэжысёра гэты праект аказаўся вельмі асабісты: «Я хацеў распавесці драму пра маленькую дзяўчынку з інтэрнату, якая ў дзевяць гадоў асмелілася пабудаваць свой шлях самастойна. Не кожны дарослы на гэтае здольны».

Анастасія Мірашнічэнка

Анастасія адносіцца да таго тыпу рэжысёраў-дакументалістаў, якія здымаюць рэдка, але вельмі ёміста. Дзяўчына атрымала адукацыю ў Акадэміі мастацтваў, а потым уладкавалася на працу на тэлеканал «Мір» у якасці пастаноўшчыцы тэлепраграм.

Да дэбютнай работы дабралася ў 2014 годзе – ёй стала эмацыйна насычаная драма «Перакрыжаванне» пра таленавітага гомельскага мастака Валерыя Ляшкевіча, які дваццаць год жыве без хаты. Наступная яе стужка – «Дэбют», пра тэатр у калоніі для жанчын, – узяла новую эмацыйную і прафесійную планку (як незалежная аўтарка атрымала дазвол на здымкі ў турме і што яна там пабачыла – чытай тут).

Абедзве стужкі ўдзельнічалі ў фэстах у Польшчы, Беларусі, Расіі, Галандыі, атрымлівалі ўзнагароды.

Цяпер, па чутках, Анастасія здымае фільм пра людзей, хворых на анкалогію. Праўда ці не, у любым выпадку зычым поспехаў рэжысёрцы і чакаем яе новую стужку.

Крыніца