Колькасьць беларускіх студэнтаў, якія вучацца за мяжой, рэкордная, — прафэсар Дунаеў

Колькасьць беларускіх студэнтаў, якія вучацца за мяжой, рэкордная, — прафэсар Дунаеў

Прафэсар Уладзімер Дунаеў, сябра грамадзкага Балёнскага камітэту, тлумачыць, што савецкага засталося ў беларускай вышэйшай адукацыі, заяўляе, што сацыяльнай справядлівасьці ў гэтай сфэры ўсё меней, і паведамляе, што за мяжой колькасьць беларускіх студэнтаў прыблізна роўная колькасьці расейскіх.

Як толькі ў адукацыі зьяўляецца прагрэсіўны трэнд — гучыць вокрык зьверху

— Калі ацаніць стан сёньняшняй беларускай вышэйшай адукацыі, дынаміку разьвіцьця за апошнія гады — то яна знаходзіцца ў стагнацыі, разьвіваецца ці дэградуе?

— У цэлым маё ўражаньне такое, што сытуацыя дастаткова сумная. Беларуская вышэйшая адукацыя не прагрэсуе. І трэба мець на ўвазе, што, нават захоўваючы нейкі ўзровень, на фоне глябальнай агульнай адукацыйнай рэвалюцыі мы выглядаем надзвычай кансэрватыўнымі. Беларуская адукацыйная стратэгія цалкам няўцямная.

1Уладзимер Дунаеў. Фота: Радыё Свабода

— Гэты кансэрватызм, пра які вы кажаце, абапіраецца на кансэрватызм удзельнікаў адукацыйнага працэсу ў Беларусі — ці гэта загад зьверху, ад палітычнага кіраўніцтва?

— Тут карціна даволі стракатая. Безумоўна, ёсьць элемэнты кансэрватызму, уласьцівыя самой сыстэме адукацыі. Балёнскі працэс — гэта такая «інтэрвэнцыя» звонку, якая падштурхоўвае беларускую сыстэму адукацыі да рэформаў.

Зь іншага боку, ёсьць палітычныя «інтэрвэнцыі» з боку беларускага кіраўніцтва, якія блытаюць і прыводзяць у стан паралічу нашу сыстэму адукацыі і, у прыватнасьці, Міністэрства адукацыі. Як толькі ў нас зьяўляецца нейкі сучасны міжнародны трэнд, дык адразу гучыць вокрык зьверху. Пры гэтым ён не заўсёды разумны, і часта ягоная матывацыя незразумелая. У выніку прагрэсіўны працэс тармозіцца, набывае пачварныя формы. Таму я магу толькі паспачуваць Міністэрству адукацыі, якое круціцца, як вужака на патэльні. Бо, з аднаго боку, трэба выконваць тыя абавязаньні, якія ўзяла на сябе Беларусь у рамках Балёнскага працэсу. А зь іншага — выконваць тыя інструкцыі палітычнай улады, якія носяць несыстэмны, выпадковы, эмацыйны і часам дэструктыўны характар.

— Якія канкрэтныя праблемы на сёньня найбольш спрыяюць адставаньню беларускай адукацыі ад усясьветных узораў?

— На жаль, у нас няма ўцямнай стратэгіі разьвіцьця вышэйшай адукацыі. Міністэрства ў свой час нарадзіла пэўны канцэптуальны дакумэнт — нават насуперак таму, што ў яго няма на гэта паўнамоцтваў. Гэта выключнае права прэзыдэнта Беларусі. Але ён ніякіх канцэптуальных стратэгіяў не прапаноўвае, таму Міністэрства прапанавала сваю.

Аднак гэтая стратэгія кансэрватыўная і не адказвае на тыя выклікі, якія стаяць перад сыстэмай адукацыі. Нам неабходная канцэпцыя, якая была б вынікам сур’ёзнага экспэртнага аналізу і публічнага грамадзкага абмеркаваньня.

Наша сыстэма адукацыі дагэтуль існуе ў адрыве ад патрабаваньняў рынку працы. Ёсьць эўрапейскія мэханізмы, якія мы павінны былі ўвесьці. Але гэты працэс ідзе вельмі марудна, і на сёньня Беларусь — адзіная краіна, якая не рэфармавала сваю сыстэму прафэсійных кваліфікацыяў. Мы жывём яшчэ ў савецкай эпосе.

Існуе сур’ёзнае пытаньне, зьвязанае з сацыяльным вымярэньнем вышэйшай адукацыі. Наш нацыянальны лідэр БДУ ганарыцца тым, што трапляе ў розныя рэйтынгі. Там ёсьць адзін паказьнік, які зьяўляецца фундамэнтальным і аб’ектыўным. Дык вось, індэкс цытаваньня БДУ 1–1,5 працэнта. Але Тартускі ўнівэрсытэт мае 18 працэнтаў, а лідэр, Гарвард, — 99,8 працэнта.

Часам ідзе проста замазваньне праблемы, як гэта адбываецца з цэнтралізаваным тэставаньнем. Мы бачым, што якасьць сярэдняй адукацыі вельмі нізкая. Мы бачым гэта — і замест таго, каб падвышаць гэтую якасьць, мы паніжаем плянку патрабаваньняў цэнтралізаванага тэставаньня. Каб усім здавалася, што ў нас усё ў парадку.

У цэлым наша вышэйшая адукацыя становіцца менш даступнай

— Чым вы тлумачыце кансэрватыўную пазыцыю ўладаў што да адукацыйных рэформаў? Я разумею, калі ўлада не дапускае палітычных ці нават эканамічных рэформаў — бо яны могуць пагражаць яе стабільнасьці і ўстойлівасьці. Але чаму ідзе непрыманьне новых павеваў у адукацыі?

— Вельмі шмат прычынаў, у тым ліку і эканамічных. У цэлым наша вышэйшая адукацыя становіцца менш даступнай, у тым ліку для ўразьлівых групаў насельніцтва. Нібыта гэта пярэчыць палітыцы ўлады, зьвязанай з сацыяльнай справядлівасьцю. Дык гэтай сацыяльнай справядлівасьці ў вышэйшай адукацыі ўсё менш, доля выпускнікоў сельскіх школаў сярод студэнтаў скарачаецца. Зьмяншаецца доля інвалідаў сярод студэнтаў, і гэтак далей.

Па ўсім відаць, што ўся сацыяльная дэмагогія наконт роўнасьці траціць сэнс на фоне эканамічных праблем. Мы бачым, як скарачаецца фінансаваньне вышэйшай адукацыі: за апошнія 5 гадоў — працэнтаў на 40. У разьліку на аднаго студэнта затраты кансалідаванага бюджэту зьменшыліся з 2300 эўра ў год да 1700. Сярэдняе значэньне па Эўропе — 7000 эўра.

Чым менш грошай, тым менш даступная будзе адукацыя і тым ніжэйшая — якасьць. Безь фінансаваньня адукацыі разьлічваць, што нешта зьменіцца, вельмі цяжка. Але ўлада за кошт адукацыі вырашае нейкія іншыя праблемы. Якая мы ІТ-краіна, калі якасьць чалавечага капіталу з году ў год будзе пагаршацца?

— У сувязі з гэтымі працэсамі беларускія студэнты ўсё больш абіраюць іншыя краіны. Як выглядаюць гэтыя лічбы?

— У Беларусі колькасьць студэнтаў, якая навучаюцца за мяжой, проста рэкордная. Па-першае, у нас скарачаецца ўвогуле студэнцкі кантынгент: было 420 тысяч, цяпер 266. Але доля студэнтаў, якія навучаюцца за мяжой, — каля 10 працэнтаў. Гэта больш, чым у іншых краінах. Цяпер гэта каля 24 тысяч. Ёсьць статыстыка UNESCO, яна трошкі спазьняецца па гадах, але ўласнай беларускай статыстыкі тут няма.

Можна параўнаць: беларускіх студэнтаў, якія навучаюцца за мяжой, прыблізна гэтулькі ж, як расейскіх. Уявіце сабе! Пры тым, што насельніцтва Расеі ў 15 разоў большае. Гэта кажа пра тое, што беларускія студэнты вельмі нацэленыя на атрыманьне адукацыі за мяжой. І як толькі ў Беларусі ўзьнікаюць неспрыяльныя сацыяльныя ці палітычныя ўмовы — ідзе скачок цікавасьці да адукацыі за мяжой.

Доўгі час у гэтым сэнсе дамінавала Расея — каля 70 працэнтаў беларускіх студэнтаў, што вучыліся за мяжой, выбіралі Расею. Але апошнім часам актыўна расьце доля Польшчы, і доля Расеі скарачаецца да 60 працэнтаў і менш.

Сытуацыю, я думаю, яшчэ больш абвострыць «закон аб адтэрміноўках», адукацыя за мяжой яўна стане яшчэ больш прывабнай. Сама інтэрнацыяналізацыя адукацыі не нясе ў сабе нічога кепскага. Але ў Беларусі праблема ў тым, што тыя, хто зьяжджае навучацца за мяжой, ня вельмі імкнуцца вяртацца назад, ня вельмі імкнуцца вяртаць здабыты імі інтэрнацыянальны досьвед на Радзіму.

Крыніца