Лайфхакі пра валанцёрства

Лайфхакі пра валанцёрства

Валанцёрства — добраахвотная, неаплатная, свядомая праца, якая выходзіць за рамкі сямейна-сяброўскіх стасункаў, прызначаная на карысць іншых людзей або грамадства. Чаму ўвогуле чалавек згаджаецца бясплатна на цябе працаваць?

Хутчэй за ўсё, яму важная ідэя, якую ты прасоўваеш. Гэта, вядома, найлепшы варыянт. Таксама мае ролю асяроддзе ды кола аднадумцаў, у якое раптоўна трапляеш. Магчымасць адчуваць сябе далучным да нечага важнага, што змяняе свет ды людзей навокал.

Або валанцёр хоча набрацца вопыту ды навыкаў, каб пасля зарабляць на гэтым. У нас валанцёрства яшчэ не стала такім прэстыжным заняткам. Але многія разумеюць, што гэта добры старт да пачатку кар’еры.

Заўсёды важна зразумець матывацыю валанцёра, каб эфектыўней камунікаваць з ім. Чаму ён працуе з табой? Ці ён прыйшоў аднаразова, ці хоча дапамагаць рэгулярна?

Перш чым пачынаць пошук і камунікацыю з валанцёрамі, варта ацаніць патрэбы арганізацыі і сфармуляваць канкрэтныя запыты да будучых валанцёраў.

Параўнайце:

  • Арганізацыя шукае валанцёраў
  • Шукаем валанцёраў, якія валодаюць любым графічным рэдактарам на базавым узроўні, могуць пісаць кароткія тэксты, валодаюць беларускай мовай, маюць 2 вольныя гадзіны штодзень

Так, у першым выпадку ў цябе будзе болей водгукаў, але меней прафесійных людзей.

Чым лепей ты ведаеш, хто не патрэбны, тым лепшых валанцёраў ты знойдзеш.

Чым лепей ты ведаеш, хто патрэбны, тым лепшых валанцёраў ты знойдзеш.

Твая арганізацыя і ты сам працуеце з нейкай ідэяй, прытрымліваючыся пэўных каштоўнасцяў. Спытай у валанцёра пра яго каштоўнасці на першай сустрэчы ці нават у рэгістрацыйнай анкеце. Пошук валанцёра і праца з ім настолькі ж важна, як і са сталым супрацоўнікам. Істотна, каб вы сыходзіліся ў найважнейшых арганізацыйных поглядах. А то апынецца, што ў праваабарончай арганізацыі валанцёрыць чалавек, які выступае за смяротнае пакаранне. Згадзіся, тут складаней будзе зразумець матывацыю чалавека. А што не можаш зразумець, з тым цяжка працаваць.

Дарэчы, ці гатовы ты перакласці сваю працу на некага іншага? Рэсурсы, якія мы ўкладаем у валанцёра, каб навучыць яго пэўнай працы, часам здаюцца нерацыянальнымі. Колькі разоў я думала: “Лепей зраблю сама, чым буду тлумачыць іншаму, а пасля яшчэ і пераробліваць, калі што”. Калі валанцёр не апраўдвае нашых чаканняў - гэта толькі нашая праблема. Менавіта мы тут больш вопытныя і мусім даваць задачы, адпаведныя ўзроўню валанцёра.

Валанцёр — гэта такі ж супрацоўнік, як і нашыя іншыя калегі. Паклапаціся, каб ён адчуваў гэта і меў правы, падобныя на правы сталых супрацоўнікаў. Важныя і такія банальныя ўмовы працы, як магчымасць прыйсці ў офіс выпіць кубачак гарбаты, падключыцца да вайфаю ды адчуць сябе часткай каманды.

Не забывайся дзякаваць і даваць зваротную сувязь. Важна быць узаемна шчырымі, каб і ты спакойна прымаў падзякі або канструктыўную крытыку. Добра, калі ты можаш увесці сістэму падзякі ды матывацыі для валанцёраў. Падзяка ды рэфлексія пасля нейкага івэнту. Дыплом у канцы года. Віншаванні ў дні народзінаў. Запрашэнне на планёрку каманды. Сумесны паход некуды. А калі вы яшчэ і разам распрацуеце мерч арганізацыі ды падорыце кожнаму супрацоўніку і валанцёру, прыналежнасць да часткі каманды стане максімальнай. А пазітыўныя гісторыі і аповеды валанцёра пра тваю арганізацыю ўсім знаёмым зробяць табе толькі добра.

Не забывайся, калі даеш валанцёру пэўную задачу, тлумачыць, чаму яна істотная. Нават калі гэта невялікая сама па сабе справа, распавядзі, якую ролю яна і сам валанцёр маюць ува ўсёй карціне праекта. Ідэальна будзе, калі ты паразмаўляеш з валанцёрам, чым ён хоча займацца, што любіць рабіць або чаму хоча навучыцца. Не забывайся, што гэта можа быць і твой будучы супрацоўнік, якога значна прасцей ужо будзе ўводзіць у працоўны працэс. Старайся даваць яму заданні па нарастальнай, кожнае наступнае троху больш складанае і адказнае.

Усё добрае і не добрае мае ўласцівасць сканчацца. Завяршэнне супрацы можа быць па розных прычынах, ты можаш зрабіць гэты працэс добрым, спакойным і пазітыўным. Ніколі не зашкодзіць яшчэ раз падзякаваць валанцёру, даць рэкамендацыйны ліст, дзе адзначыць яго навыкі і ўменні. Ніколі не ведаеш, кім гэты малады чалавек будзе праз 10 гадоў. Магчыма, ужо ты будзеш прыходзіць да яго з нейкай прапановай і супрацай.

Author: 

Бася Пучынская