Уладзімір Дунаеў: Балонскі працэс спрыяе вяртанню моладзі ў Беларусь

Уладзімір Дунаеў: Балонскі працэс спрыяе вяртанню моладзі ў Беларусь

Пра сітуацыю ў беларускай сістэме вышэйшай адукацыі, стан з прызнаннем беларускіх дыпломаў у Еўропе, перспектывы удзелу Беларусі ў Балонскім працэсе размаўляем з кандыдатам філасоўскіх навук, прафесарам Уладзімірам Дунаевым.

– Ці можаце сфармуляваць асноўную праблему беларускай вышэйшай адукацыі?

– Я думаю, што гэтая сітуацыя агульная для ўсіх краінаў. Гэта праблема, звязаная з разрывам запатрабаванняў рынку працы і магчымасцямі сістэмы адукацыі. Наша сістэма адукацыі нібыта і рыначная, паколькі арыентаваная на рынак адукацыйных паслугаў: то бок спрабуе задаволіць запатрабаванні бацькоў, абітурыентаў і г. д., але практычна не адчувальная да запатрабаванняў рынку працы. І гэта праблема, у рознай ступені характэрная для розных краінаў, але для Беларусі яна стаіць асабліва востра. Улічваючы даследаванні, якія рабілі еўрапейскія арганізацыі і інстытуты, можна казаць, што Беларусь з’яўляецца чэмпіёнам па дэфіцыту кампетэнтнасці выпускнікоў ВНУ ў рэгіёне. То бок, незадаволенасць працадаўцаў кваліфікацыяй, кампетэнцыямі выпускнікоў беларускіх ВНУ самая высокая ў параўнанні з суседнімі краінамі, уключаючы Казахстан, Кыргызстан і г.д. Гэта вельмі сур’ёзная праблема. Яна звязаная з тым, што Беларусь вельмі адстала ад іншых краінаў у пытанні гарманізацыі рынка працы і сістэмы адукацыі.

– Якая зараз сітуацыя з узаемным прызнаннем дыпломаў аб заканчэнні вышэйшай адукацыі?

– Прызнанне бывае двух відаў: акадэмічнае і прафесійнае. Акадэмічнае важнае для працягу навучання па спецыяльнасці, прафесійнае важнае для працы. Што тычыцца прафесійнага прызнання, то ў бальшыні выпадкаў гэта залежыць ад працадаўцы, вядома, калі прафесія не рэгулюецца дзяржаўнымі патрабаваннямі, напрыклад, медычныя спецыяльнасці. Што тычыцца акадэмічнага прызнання, то ў розных краінах існуюць розныя працэдуры, але так ці інакш яны ўкладаюцца ў межы Лісабонскай канвенцыі. Тут Беларусь таксама сур’ёзна адстала ў развіцці інструментаў прызнання. Мы зусім нядаўна прынялі (і тое з вялікімі агаворкамі) ідэю адмовы ад ацэнкі эквівалентнасці адукацыі (гэта састарэлы падыход, калі параўноўваюць курсы, якія чалавек праходзіў за мяжой з тымі, якія ёсць у нашых навучальных праграмах). Зараз у сучасным свеце дзейнічае такі падыход: калі адсутнічаюць істотныя адрозненні ў праграмах, калі мэты аднолькавыя, кваліфікацыя, атрыманая за мяжой прызнаецца. Мы бачым у нас, што вельмі часта прынцып мабільнасці не выконваюцца і ад навучэнцаў патрабуецца, каб яны выканалі ўсе пункты нацыянальнага адукацыйнага плана. У сучаснай сістэме прызнання існуе нейкая прэзумпцыя. Прымаецца дапушчэнне, што ў ВНУ іншых краінаў вучаць прыкладна таму, чаму ў нацыянальных.
Ёсць канвенцыя аб прызнанні кваліфікацый, якія адносяцца да вышэйшай адукацыі ў Еўрапейскім рэгіёне (Лісабонская канвенцыя). Каб яна працавала, патрэбныя пэўныя інструменты, якіх у Беларусі дасюль няма: адмысловы дадатак да дыплому і нацыянальная рамка кваліфікацыі. Калі няма гэтых двух інструментаў, працэдура прызнання становіцца значна менш прадказальнай. Гэта тычыцца і замежных дыпломаў у нас, і беларускіх дыпломаў за мяжой. Што такое дадатак да дыплому? Наша Мінадукацыі яшчэ ў 2011 годзе абяцала, што гэты інструмент, які дазваляе зрабіць вынікі адукацыі празрыстымі і зразумелымі для замежнага працадаўцы ці ВНУ, неўзабаве будзе ў нас дзейнічаць. Хутка скончыцца 2017 год. Маем дарожную карту рэфармавання сістэмы адукацыі, якая была прынятая Беларуссю ў 2015 годзе як умова далучэння Беларусі да Балонскага працэсу. Там сказана, што Беларусь мусіць да 2018 года ўвесці інструмент аўтаматычнай і бясплатнай выдачы дадатку да дыплома. Пакуль гэтага няма.
У нас замест дадатку выдаецца папера, якія курсы чалавек прайшоў і якія адзнакі за іх атрымаў. Але насамрэч дадатак да дыплому гэты вельмі сур’ёзная рэч, рэгламентаваная дакументамі Юнэска. Ён дастаткова аб’ёмны і дае поўнае прадстаўленне пра тое, якія кваліфікацыі атрымаў чалавек.
З іншага боку, прызнанне еўрапейскіх дыпломаў, якія суправаджаюцца патрэбным для прызнання дадаткам, ускладнена па прычыне адсутнасці ў нас нацыянальнай рамкі кваліфікацыі.
Бессэнсоўна казаць пра тое, чаму вы навучаліся, калі вы не маеце уяўлення пра тое, якая ёсць сістэма кваліфікацый. Мы дасюль жывем у савецкай рэальнасці тарыфна-кваліфікацыйных даведнікаў, асноўная задача якіх хутчэй рэгуляваць заробак, чым апісваць кваліфікацыі. Уся Еўропа жыве з еўрапейскай і нацыянальнымі рамкамі кваліфікацый, важнейшым элементам якіх з’яўляюцца прафесійныя стандарты. Гэта як раз і ёсць інструмент сувязі рынка працы і адукацыі. Гэта запыт працадаўцаў на пэўныя кампетэнцыі і адказ вышэйшай адукацыі на гэты запыт. Прафесійныя стандарты ствараюцца не Мінадукацыі, а працадаўцамі. Гэта для нас яшчэ вельмі далёкая рэальнасць. Беларусь абяцала гэта зрабіць, але справа забуксавала. Калі няма гэтых інструментаў, працэдура прызнання вельмі складаная.
Яшчэ адна праблема, да вырашэння якой Беларусь нават не наблізілася - гэта прызнанне адукацыі атрыманай у выніку нефармальнай адукацыі, самаадукацыі або вытворчага вопыту. Хаця гэтая частка еўрапейскай сістэмы прызнання адукацыі, і патрабаванне па стварэнні такой сістэмы прызнання ёсць у Дарожнай карце, якую Беларусь дэманстратыўна не выконвае.

– Ёсць меркаванне, што беларускія ВНУ ў некаторых кірунках (напрыклад, ІТ- тэхналогіі) даюць вельмі добрую адукацыю, і нашыя спецыялісты хутка знаходзяць працу мяжой. Ці можна казаць, што па некаторых спецыяльнасцях наша адукацыя наблізілася да еўрапейскіх стандартаў, а па некаторых яшчэ не?

– Калі няма зразумелага апісання прафесійнага стандарту, немагчыма сказаць, якую кампетэнцыю атрымалі выпускнікі (цяжка патлумачыць, чаму іх вучылі). Тое, што выпускнікі нашых тэхнічных ВНУ могуць знайсці працу за мяжой не дзіўна. Бо ў Еўропе назіраецца вялікі дэфіцыт інжынерных кадраў. Таму людзям, якія маюць пэўную кваліфікацыю ў сферы інжынерных тэхналогій, ІТ-спецыяльнасцяў лягчэй знайсці там працу.
Сказаць, што нашы стандарты адукацыя кепскія альбо добрыя можна толькі тады, калі супаставіць іх з прафесійнымі стандартамі, якіх у нас няма. І размовы пра тое, што ў такіх сферах у нас добрая адукацыя, а ў іншых сферах кепскае – пакуль што гэта толькі міф, размова не пра што. Пакуль нельга прад’явіць нацыянальную сістэму кваліфікацыі, такія размовы – гэта толькі прыватнае меркаванне. У нас распрацаваныя два прафесійныя стандарты ў сферы праграмавання. На іх можна арыентавацца ці не арыентавацца. Але яны пакуль што не ўпісаныя ў нацыянальную сістэму кваліфікацыі. У нас няма інструментаў, каб замерыць адпаведнасць.
Нават беларускі парк высокіх тэхналогій мае пастаянны дэфіцыт у кваліфікаваных спецыялістах, які вымяраецца тысячамі. Гэта пры тым што штогод нашыя ВНУ выпускаюць дзясяткі тысяч “айцішнікаў”. Дык ці мала спецыялістаў, ці іх узровень кампетэнцыі выклікае пытанні? Беларуская сістэма адукацыі не чуе голас працадаўцы. Яна ізаляваная ад рынку працы.

– Беларусь далучылася да Балонскага працэсу ў 2015 годзе. Наколькі яна прасунулася ў кірунку рэфармавання сістэмы адукацыі? Ці можна ацаніць прагрэс па якісьці крытэрыях?

– У дарожнай карце Балонскага працэсу для Беларусі, якія наша краіна прызнала, сфармуляваныя 7 пунктаў, па якіх мы мусім ужо даць вынікі. Сярод гэтых пунктаў у тым ліку стварэнне нацыянальнай сістэмы кваліфікацыі, стварэнне сістэмы выдачы прыкладання да дыплома, прызнанне папярэдняй адукацыі, аўтаномія ВНУ і г.д.
Тэрміны выканання дарожнай карты мінулі, але ніякіх заканадаўчых зменаў, якія б маглі забяспечыць інтэграцыю нашай сістэмы адукацыі ў еўрапейскую, няма. Новая рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі (што забяспечыла б 30% выканання дарожнай карты) вынесеная на грамадскае абмеркаванне ў сёлета ў лютым, была вернутая на дапрацоўку. Перспектывы яе прыняцця надзвычай туманныя. То бок па завяршэнні тэрміна дарожнай мапы мы не будзем мець ніводнага выкананага пункта. Праграма паспяхова правалена.
Беларусь на 16 год адстала. Хуткасць з якой мы засвойваем адукацыйныя стандарты Еўропы настолькі павольная, што мы не набліжаемся да іх а адстаем усё болей і болей.

– Калі ўлады не дэманструюць асаблівага жадання ў імкненні да еўрастандартаў адукацыі, навошта ўвогуле далучаліся да Балонскага працэсу?

– Аднам з галоўных аргументаў далучэння да Балонскага працэсу ў чыноўнікаў быў такі: “Мы зможам выдаваць еўрапейскія дыпломы. Гэта зробіць нашу сістэму адукацыі больш прывабнай для замежных студэнтаў і мы павялічым экспарт адукацыйных паслугаў”. У нас сітуацыя не зусім адназначная. Хоць у нас і суперцэнталізацыя. Сістэма адукацыі ў нейкай ступені дэцэнтралізаваная. Ёсць сілы, якія зацікаўленыя ў еўрапейскім развіцці. Ёсць кансерватары. Ідзе барацьба паміж рознымі сіламі. Рада рэктараў у сваіх рашэннях дэманструе зацікаўленасць у хуткім развіцці. Але мы бачым, што на змену міністра, які падтрымліваў рэфармаванне, прыходзіць іншы чалавек. Часта чыноўнікі ад адукацыі ігнаруюць праблемы, ухіляюцца ад іх вырашэння, прыкрываюцца міражамі, што больш гарманіруе з палітычнай воляй вышэйшага кіраўніцтва.

– Што будзе пасля сканчэння тэрміна нашай дарожнай карты Балонскага працэсу?

– Важна, каб захаваўся нейкі кантроль міжнародны. Нашы чыноўнікі кажуць: “Не мы адны адстаем”. Насамрэч, так як мы адстаем, ніхто не адстае. Безумоўна, розныя краіны рухаюцца па шляху рэфармавання рознымі тэмпамі. Ёсць 15-16 краінаў-удзельніц Балонскага працэсу, якія не выконваюць у поўнай меры рашэнні Самітаў міністраў адукацыі. Справа ў тым, што гэта праблема сапраўды ёсць, і абмяркоўваецца пытанне аб мінімальных стандартах, ад выканання якіх нельга будзе адмовіцца. Магчыма для нас, як для самых адстаюшчых, патрэбна будзе адмысловая праграма.

– Што дае краіне і ўласна студэнту інтэграцыя нашай сістэмы адукацыі ў еўрапейскую?

– Інтэграцыя ў еўрапейскую сістэму адукацыі дае магчымасць сур’ёзна падвысіць якасць адукацыі. А гэта адпаведнасць запытам рынку працы і грамадства. Гэта самы сур’ёзны аргумент на карысць такіх рэформаў. Мы рухаемся ў гэтым кірунку ў вышэйшай ступені павольна, калі не стаім на месцы.

– Ці спрыяе Балонскі працэс вяртанню адукаванай моладзі на Радзіму?

– Канешне! Насамрэч, Беларусь з’яўляецца лідарам па выязной мабільнасці. Колькасць нашых студэнтаў, якія навучаюцца за мяжой, супастаўная з колькасцю ўкраінскіх альбо польскіх, хаця нашыя краіны цяжка супаставіць па кольксаці насельніцтва. Цікавая заканамернасць: калі ў нас узнікаюць абмежаванні, рэпрэсіі ў сістэме адукацыі, колькасць ад’ехаўшых студэнтаў расце, калі робяцца крокі па інтэграцыі ў еўрапейскую сістэму адукацыі, колькасць беларускіх студэнтаў, якія вучацца за мяжой, скарачаецца. То бок, мадэрнізацыя сістэмы адукацыі спрыяе таму, што наша моладзь вяртаецца на радзіму, студэнты ахвотней вучацца дома, а не за мяжой. Пакуль што ў нас у два разы болей студэнтаў выязджае, чым прыязджае да нас. Чым больш мадэрнізаваная наша сістэма адукацыі, тым больш яна прывабная для нашых студэнтаў. І гэта цывілізаваны спосаб утрымаць на радзіме разумных маладых людзей.


ДАВЕДКА:

Уладзімір Дунаеў – старшыня грамадскага Балонскага камітэта, адзін са стваральнікаў і першы прарэктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (1992-2008), кандыдат філасофскіх навук, прафесар.

Автор фото: 

journalby.com